Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


27 чэрвеня Аляксандар Лукашэнка ў Маскве будзе ўдзельнічаць у паседжаньні Вышэйшае дзяржаўнае рады саюзнай Расейска-беларускай дзяржавы.

У парадку дня гэтага паседжаньня 15 пытаньняў. У тым ліку – праект стварэньня рэгіянальнае вайсковае групоўкі, пра што доўга гаварыў Лукашэнка; праект праграмы ўзгодненых деяньняў у галіне замежнае палітыкі; статут і рэглямэнт самое Вышэйшае дзяржаўнае рады.

Ці магчымыя некія зрухі ў іншым, ня менш важным пытаньні, – пра адзiную валюту? Пад час нядаўняга наведваньня Масквы на саміце СНД Аляксандар Лукашэнка заявіў, што згодзен прыняць расейскі рубель у якасьці адзінае валюты ў межах Беларусі й Расеі. Цалкам магчыма, што заўтра гэтая важная эканамічная тэма таксама будзе абмяркоўвацца.

Вось што лiчыць на гэты конт экс-кiраўнiк Нацыянальнага банку Беларусi Станiслаў Багданкевiч:

«Адзiначасна пераходзiць на расейскi рубель будзе незвычайна дорага для эканомiкi Беларусi. Незалежна ад таго, хоча Лукашэнка здаць Беларусь цi не – патрэбен час, патрэбна стварэньне аднатыпных эканомiкаў. Безумоўна, калi адбываецца iнкарпарацыя, захоп слабейшае краiны больш моцнай, апошняя заўсёды можа прымусiць карыстацца сваёй валютаю. Гэта магчыма, але гэта будзе дорага каштаваць эканомiцы Беларусi», -- лiчыць Станiслаў Багданкевiч.

Раней стварэньне адзiнае валюты намячалася да 2004–2005 году. Багданкевiч лiчыць, што гэта рэальны тэрмiн для ўнiфiкацыi эканамiчнага й банкаўскага заканадаўства Беларусi й Расеi. А вось хуткi пераход на расейскi рубель можа быць толькi пры поўным эканамiчным аншлюсе Беларусi.

Дзьве дзяржавы з адной валютаю ў прынцыпе могуць разьвiвацца. Такiя прыклады ёсьць. У Эўропе цяпер адзiная валюта эўра, але дзяржавы там не губляюць свой сувэрэнiтэт. Аднак гэткi падыход нескарыстальны да Беларусi й Расеi, бо памiж iмi няма роўнасьцi. Таму адзiную валюту для саюзнай дзяржавы, у якасьцi якой Лукашэнка прапануе расейскi рубель, трэба параўноўваць не з эўра, а з сытуацыяй, напрыклад, у Манака, якая карыстаецца францускiм франкам.

Багданкевiч лiчыць, што Расея згодная iсьцi на пэўныя выдаткi, уводзячы свой рубель у Беларусi:

«Расейцы не нацыяналiсты, а ў значнай ступенi iмпэрыялiсты паводле глыбiннага ўспрыяцьця сьвету. Расея часам гатовая цярпець выдаткi дзеля таго, каб пашыраць сваю тэрыторыю i адчуваць сябе вялiкай краiнаю. Тут узаемная цяга – з аднаго боку, расейскага iмпэрыялiзму, а з другога – Лукашэнкi, якi нiколi ня думаў пра нацыянальныя iнтарэсы i не праводзiў нацыянальную палiтыку. Усяго можна чакаць ад Лукашэнкi, улiчваючы, што ён – не нацыянальны лiдэр».

Гэта быў экс-старшыня Нацыянальнага банку, ганаровы старшыня Аб`яднанае Грамадзянскае партыi Станiслаў Багданкевiч.

Валер Калiноўскi, Менск

XS
SM
MD
LG