Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Паводле заявы ачольніка расейскіх войскаў у Чачні генэрала Генадзя Трошава, расейская армія прыпыняе шырокамаштабныя вайсковыя апэрацыі ў Чачні. Цяжар змаганьня з чачэнскім рухам супраціву цяпер, на думку генэрала, ляжа на плечы войскаў міністэрства ўнутраных справаў Расеі. Ці сапраўды гэтая заява сымбалізуе сабою заканчэньне пэўнага этапу вайны ў Чачні?

Выступаючы на прэсавай канфэрэнцыі, генэрал Трошаў падкрэсьліў, што пастанова ў гэтай справе была прынятая ў паразуменьні з новым старшынём цывільнай адміністрацыі Чачні муфтыям Ахмадам Кадыравым.

Паводле словаў Трошава, цяпер значная колькасьць вайсковых частак зможа вярнуцца на месцы сваёй сталай дысьлякацыі.

У палітычным сэнсе Крэмль такім чынам хоча аказаць Кадыраву падтрымку, каб ён мог паказаць чачэнцам рэальныя дасягненьні сваёй улады ў выглядзе заканчэньня налётаў і артылерыйскіх абстрэлаў. Кадыраў актыўна намагаецца аб’яднаць вакол сябе чачэнскіх палявых камандзіраў і ўсё чачэнскае грамадзтва. Ён змагаўся ў першую чачэнскую вайну 1994–96 гг. супроць расейцаў, але пачынаючы зь мінулага верасьня, калі расейцы пачалі чарговую інтэрвэнцыю, ён супрацоўнічае зь імі.

Кадыраў нават адмовіўся ад свайго мусульманскага тытула “муфтый усяе Чачні”, каб замацаваць свой аўтарытэт у якасьці цывільнага лідэра.

Заява Трошава разьлічаная таксама на адпаведную рэакцыю Захаду, які не аднойчы ўжо заклікаў Расею прыпыніць беспарадкавыя налёты і абстрэлы Чачні, ахвярамі якіх сталі тысячы мірных жыхароў.

Заява гэтая, аднак, супярэчыць рэальнай сытуацыі на Паўночным Каўказе. Толькі ў ноч з суботы на нядзелю некалькі расейскіх салдат былі параненыя ў выніку нападаў чачэнскіх байцоў у самім Грозным. А расейская авіяцыя зрабіла 12 вылятаў і бамбавала паўднёвыя схілы аргунскага горнага храбту ля грузінскае мяжы. Раён гэты інтэнсыўна абстрэльвала і расейская артылерыя. У Ачкой-Мартане пад час амаль трохгадзіннае перастрэлкі з чачэнцамі быў паранены адзін расейскі салдат. У Аргуне расейскія вайскоўцы затрымалі трох чачэнцаў, западазроных у спробе замінаваць чугуначныя вагоны.

Прэсавы сакратар расейскага камандаваньня маёр Андрэй Піліпчук сьцьвярджае, што Аргун, Грозны й Гудэрмэс часьцей за ўсё падвяргаюцца атакам чачэнцаў.

Расейскія войскі здолелі даволі хутка ўзяць пад свой кантроль тэрыторыю Чачні, але яны сустрэлі значныя цяжкасьці ў змаганьні з чачэнскімі атрадамі, якія цяпер выкарыстоўваюць партызанскую тактыку.

Палітычныя камэнтатары адзначаюць, што новапрызначаны цывільны адміністратар Чачні Ахмад Кадыраў дасягнуў першых посьпехаў у кансалідацыі сваёй улады. Па чачэнскай прарасейскай тэлевізіі выступілі тры палявыя камандзіры з заклікам да чачэнскага народу. Яны заклікалі чачэнскіх салдат пераходзіць на бок муфтыя Ахмада Кадырава з мэтаю выгнаньня з краіны замежных наймітаў.

Ітар-ТАСС назваў імёны гэтых камандзіраў: Алі Султанаў, Ібрагім Саідаў і Салман Адуеў.

Прэсавы сакратар прэзыдэнта Расеі Ўладзімера Пуціна Сяргей Ястржэмбскі ў сваім камэнтары назваў гэты заклік “першым заўважальным посьпехам” Кадырава, якога прэзыдэнт Пуцін прызначыў на пасаду свайго прадстаўніка ў Чачні толькі 12 чэрвеня.

Прыгадаем, што паводле інфармацыі расейскага ваеннага камандаваньня, партызанскую барацьбу супроць расейскай арміі ў Чачні вядуць каля 1500 чачэнскіх салдат, сканцэнтраваная галоўным чынам у горных раёнах краіны.

Мікола Іваноў, Прага

XS
SM
MD
LG