Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Суд Ленінскага раёну Берасьця прыняў рашэньне часткова задаволіць пазоў мясцовага актывіста Аб’яднанай грамадзянскай партыі Генадзя Самойленкі і абавязаў гарадзкі фінансавы адзьдзел заплаціць яму 50 тысячаў дэнамінаваных рублёў у якасьці кампэнсацыі за незаконны арышт. Зь Берасьця перадае Алег Супрунюк

Генадзь Самойленка быў асуджаны на 10 сутак арышту ў сьнежні мінулага году за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі “Сьвечка незалежнасьці”. Аднаго з актывістаў АГП абвінавацілі ў тым, што ён сярод іншых выказваў сваю незадаволенасьць з прычыны падпісаньня саюзнай дамовы шляхам распаўсюджваньня незаконных друкаваных выданьняў.

У лютым гэтага году старшыня Берасьцейскага абласнога суду адмяніў пастанову суду ў першай інстацыі. А ў сакавіку справа супраць спадара Самойленкібыла ўвогуле спыненая ў сувязі з адсутнасьцю факту правапарушэньня.

У сваю чаргу Генадзь Самойленка падаў у суд на Ўпраўленьне казначэйства Берасьцейскай вобласьці для кампэнсацыі нанесенай шкоды. Шкоду Самойленка ацаніў у 500 тысячаў дэнамінаваных рублёў. Пазьней у якасьці адказьніка ў гэтай справе быў прыцягнуты і фінансавы адзьдзел Берасьцейскага гарвыканкаму.

Але ў судзе і прадстаўнік казначэйства, і супрацоўнік гарадзкога фінансавага адзьдзелу адмовіліся прызнаць пазоў. Ад пачатку яны заявілі, што сапраўдным адказьнікам зьяўляецца ўпраўленьне ўнутраных справаў аблвыканкаму, супрацоўнікі якога затрымлівалі Генадзя Самойленку.

Потым было заяўлена, што заканадаўствам увогуле не распрацаваны мэханізм выплаты адшкадаваньняў тым грамадзянам, якія незаконна пацярпелі ад дзеяньняў уладаў. Пры гэтым адказьнікі спаслаліся на пункт 77 ведамаснай інструкцыі міністэрства фінансаў СССР, прынятай яшчэ ў 1982 годзе.

У выніку судзьдзя Тацяна Міранюк прыняла рашэньне часткова задаволіць пазоў спадара Самойленкі. На ягоную карысьць з гарадзкога фінансавага адзьдзелу будзе спагнана 50 тысячаў рублёў. Адначасова актывісту АГП адмоўлена ў пазове на ўпраўленьне казначэйства вобласьці.

Сам Генадзь Самойленка пасьля суду заявіў, што ня згодны з рашэньнем і зьбіраецца яго абскардзіць у абласным судзе.

Алег Супрунюк, Берасьце

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG