Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


У асяродзьдзі беларускага настаўніцтва расьце напружанасьць. Дзясяткі тысячаў школьных выкладчыкаў не атрымалі на сёньняшні дзень травеньскі заробак і грошы за летні адпачынак.

За выключэньнем Менску, запазычанасьць перад настаўнікамі мае месца ва ўсіх рэгіёнах краіны. Паводле зьвестак прафсаюзу працаўнікоў адукацыі і навукі, асабліва трывожныя сытуацыя на Магілеўшчыне й Берасьцейшыне, а таксама ў Менскай вобласьці. Вось што распавяла нашаму радыё намесьніца старшыні рэспубліканскага камітэту гэтага прафсаюзу Алена Морава:

(Морава: ) “Мусіць, ужо год, калі ня больш, затрымліваюцца выплаты заробкаў. Але яны не дасягалі такога маштабу – 5.8 мільярдаў рублёў. Гэта самая вялікая запазычанасьць за апошні час. У нас ужо пачалася адпускная кампанія. У некаторых рэгіёнах настаўнікі ўжо тыдзень у адпачынку, а заработаных грошай так і ня бачылі. Сёньня настаўнікі не патрабуюць нейкіх ільготаў у аднабаковым парадку. Ёсьць іншыя бюджэтнікі. Ёсьць праваахоўныя ворганы, дык там няма затрымак з выплатай заробкаў. І заробкі непараўнальныя. Няхай у якім месяцы затрымаюць заробкі ў іншай сфэры. І ў праваахоўнай таксама…Сёньня эканоміка ня можа давесьці ў нашай галіне сярэдні заробак да 100 працэнтаў. Тады мы ставім пытаньне: чаму зарплата зьмяншаецца ўвесь час?”

У структуры гэтага прафсаюзу штодня паступае мноства зваротаў ад настаўнікаў, якія сталіся ахвярамі сацыяльна-эканамічнае палітыкі ўладаў. У прыватнасьці, сёньня рэспубліканскі камітэт атрымаў характэрны сыгнал зь Лісьцвянскай сярэдняй школы Ўзьдзенскага раёну, настаўнікі якой абураюцца грубым парушэньнем іхных сацыяльных правоў. Вясковыя пэдагогі тлумачаць, што яны ды іхныя дзеці цяпер зьведваюць самы сапраўдны фізычны голад. Ня можа дапамагчы настаўнікам і мясцовы калгас, які таксама зьбяднеў і з сакавіка не выплочвае сваім працаўнікам заробкаў.

Якое выйсьце з гэткага становішча настаўніцкі прафсаюз прапануе сваім сябрам? Гаворыць Алена Морава:

(Морава: ) “Мы прынялі рашэньне патлумачыць усім сябрам нашага прафсаюзу іх правы. Калі за два дні да адыходу ў адпачынак ня выплачаныя адпускныя, работнік мае поўнае права выйсьці на работу, напісаць заяву, што ён ня лічыць сябе ў адпачынку. Нават тыя грошы, што зарабілі настаўнікі, самі па сабе ня надта вялікія. Яны не даюць магчымасьці адпачыць напоўніцу, з выездам. Настаўнікі стараюцца адпачыць у лягерах для дзяцей, працуючы там. Выхавацелямі. А то й пасудамойкамі…”

Міхал Стэльмак, Менск

XS
SM
MD
LG