У калгасе імя Мічурына Баранавіцкага раёну сёлета калгасьнікі адмовіліся
палоць надзеленыя часткі буракоў. “Няма дурняў працаваць задарма,” – кажуць
яны. Аднак буракі, пасеяныя ўздоўж Алімпійскай шашы, кідаюцца ў вочы мінакам…
Да гэтага часу беларускія ўлады не прапускалі выпадку, што ў нас, у
адрозьненьне ад суседзяў, няма закінутых, зарослых бур’яном палеткаў. На
табе, дачакаліся.
Сёньня любы, хто праязджае па адной з галоўных магістраляў Беларусі,
можа назіраць каля Баранавічаў некалькі дзесяткаў гектараў бур’яну не ніжэй
як у калена. Ліквідаваць сытуацыю раённае начальства ўзялося ня дужа замыславатым
спосабам: узяць цапкі ў рукі загадалі служачым упраўленьня сельскай гаспадаркі
і харчаваньня райвыканкаму.
Выручылі таксама і грамадзяне Ўкраіны, якія прыехалі ў Беларусь у пошуках
працы. Дарэчы, украінцы працуюць у многіх гаспадарках раёну, бо катастрафічна
не хапае ўласных працоўных рук.
Ня кажучы пра тое, што большасьць вяскоўцаў – пэнсіянэры, дык апошнім
часам зачасьціліся выпадкі нявыхаду на працу калгасьнікаў. Прычына вядомая:
заробкі мізэрныя, ды й тыя затрымліваюцца, як правіла, на некалькі месяцаў.
Да таго ж і баяцца няма чаго: прыедзе брыгадзір ці старшыня і самі папросяць,
бо працаваць жа няма каму.
Асабліва дапякае ўсіх так званая сенавая ліхаманка. Яшчэ сьнег з палёў
не сышоў, а ўлады ўжо былі ўзяліся за нарыхтоўку кармоў, а дакладней, абавязалі
ўсе прадпрыемствы і ўстановы гораду нарыхтаваць за лета сена для калгасаў.
З разьлікам 400 кіляграмаў на аднаго працаўніка.
На нарыхтоўку сена выганяюць літаральна ўсіх: рабочых заводаў, настаўнікаў,
доктараў, служачых гарвыканкаму. А на некаторых прадпрыемствах зь людзей
прымусова вылічваюць пэўную частку заробку на сена.
Алесь Горбач, Баранавічы
Самае папулярнае
1