Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Прадстаўнікі ўраду адказвалі на пытаньні дэпутатаў гэтак званае “Палаты прадстаўнікоў”...

Першапачаткова плянавалася што ў гэтак званай “Палаце прадстаўнікоў” выступіць Уладзімер Ярмошын, з дня прызначэньня якога на пасаду прэм’ера якраз спаўняецца сто дзён. Журналісты ўжо прызвычаіліся, што ён даволі шчыра распавядае пра эканамічную сытуацыю ў Беларусі. Гэтая шчырасьць, а таксама тое, што Ярмошын апошнім часам стаў набываць пэўную папулярнасьць, стала прычынаю абмежаваньня Аляксандрам Лукашэнкам ягонага ўдзелу ў праграмах дзяржаўнае тэлевізіі.

Аднак Ярмошын на сустрэчу не прыйшоў – ён у гэты час сустракаўся з расейскімі губэрнатарамі. Што тычыцца іншых прадстаўнікоў ураду, дык яны паспрабавалі даказаць, што сытуацыя ў беларускай эканоміцы добрая.

Напрыклад віцэ-прэм’ер Барыс Батура лічыць, што сёлета праблемаў з нарыхтоўкаю харчоў ня будзе. Паводле меркаваньня Батуры, праблемаў не было й летась. Тое, што Беларусь у мінулым годзе забясьпечыла толькі каля чвэрці сваіх патрэбаў у збожжы і за апошнія грошы набывае збожжа за мяжою, віцэ-прэм’ера, здаецца, не турбуе. У інтэрвію нашаму радыё Барыс Батура заявіў:

“Па запасах няма ніякіх праблемаў. Усё ідзе паводле графіку. Масла ёсьць каля трох тысячаў тонаў, ёсьць сыры, тварог, сухое малако. Усё гэта выконваецца. Прагнозы на сёлета суцяшальныя. Летась аніякіх праблемаў не было, ня трэба выдумваць. Іх не было і ня будзе. Так, мы куплялі за мяжою, але ў крамах быў хлеб. А дзе ён бярэцца – якая каму, прабачце, справа? Сёлета будзе хлеб адтуль жа, адкуль і летась. З палеткаў, у першую чаргу”.

Гэта быў віцэ-прэм’ер Барыс Батура.

Намесьнік міністра фінансаў Мікалай Румас паспрабаваў даказаць, што сытуацыя з заробкамі склалася вельмі добрая. Румас, у прыватнасьці, паведаміў, што на пачатак лета, паводле ягоных дадзеных, у бюджэтнай сфэры няма запазычанасьці ў заробках. Адказаў яму Мікалай Дубовік, які запрасіў прадстаўнікоў Міністэрства фінансаў зьезьдзіць у рэгіён, дзе людзі не атрымліваюць заробкі з сакавіка. Тады Мікалай Румас прызнаў, што сёньня ў беларускім казначэйстве ёсьць непагашаныя плацяжы на суму каля 60 мільярдаў рублёў.

Дарэчы, рэспубліканскі бюджэт за месяц атрымае 97 мільярдаў. Гэта значыць, што пасьля аплаты запазычанасьцяў грошай у дзяржавы амаль не застанецца. А гэта прывядзе да новых фінансавых праблемаў.

Ганна Навумовіч, Менск

XS
SM
MD
LG