Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Сёньня суд Кастрычніцкага раёну Магілеву пачаў разгляд справы паводле позвы гарадзкой пракуратуры да кіраўнікоў суполкі Свабоднага прафсаюзу на Магілеўскім аўтазаводзе – Ігара Бугрова і Алены Ўліцінай.

Ініцыятыва ўзбуджэньня адміністрацыйнай справы зыходзіла ад старшыні дзяржаўнага прафкаму аўтазаводу Васіля Цітова. Ён абвінаваціў сваіх канкурэнтаў у правапарушэньнях.

Як заявіў Ігар Бугроў, менавіта старшыня камітэту дзяржаўнага прафсаюзу з дапамогай дырэктара прадпрыемства накіраваў ліст у пракуратуру. Пасьля гэтага ейныя прадстаўнікі былі вымушаныя пачаць праверку. Адказчыкаў абвінавацілі “у ажыцьцяўленьні дзейнасьці арганізацыі, якая не прайшла ў вызначаным парадку рэгістрацыю”.

Аднак, Свабодны прафсаюз аўтазаводу ня стаў на ўлік у гарвыканкаме менавіта таму, што дырэктар прадпрыемства адмовіўся прадставіць памяшканьне для юрыдычнага адрасу арганізацыі.

Першапачаткова судзьдзя Каласоўскі не пажадаў задаволіць хадайніцтва адказчыкаў аб іхных прадстаўніках, але ж пасьля тлумачэньня юрыстаў зьмяніў увласнае рашэньне. Абараніць інтарэсы Ігара Бугрова і Алены Ўліцінай узяліся юрысты Свабоднага прафсаюзу Сьвятлана Ўэльская і Аляксандар Каралёў, а таксама дырэктар Магілеўскага праваабарончага цэнтру Сяргей Абадоўскі. На судзе прысутнічала і прадстаўніца АБСЭ Бэата Разуміловіч – як яна патлумачыла, з мэтай аналізу стану захаваньня законнасьці ў Беларусі.

Аўдыторыя была досыць прадстаўнічай: журналісты, рабочыя, паліткі, грамадзкія дзеячы, а таксама кіраўнік Свабоднага прафсаюзу Генадзь Быкаў. Такая ўвага да гэтай справы зразумелая: адміністрацыйнае пакараньне лідараў Свабоднага прафсаюзу Магілеўскага прадпрыемства дасьць падставы для ціску на ўсе арганізацыі, якія ня сталі на ўлік у гарвыканкаме. А ў Магілеве ўсе першасныя арганізацыі СПБ, за выключэньнем адной, апынуліся ў такім жа становішчы.

У якасьці доказу незаконнай дзейнасьці пракуратура прадставіла суду інфармацыйны бюлетэнь прафсаюзу №12 ад 5 чэрвеня, а таксама пратакол нечарговай канфэрэнцыі арганізацыі. У бюлетэні пад назовам “Шанец для дырэктара Лакіза” кіраўніка прадпрыемства жорстка крытыкавалі за ўціск незалежных прафсаюзаў, што, відаць, і выклікала ягоны гнеў. Пратакол канфэрэнцыі зафіксаваў шматлікія парушэньні працоўнага заканадаўства і калектыўнай дамовы – у першую чаргу, сыстэматычныя запазычанасьці з выплатай заробку. Менавіта гэтыя паперы адміністрацыя аўтазаводу палічыла доказам незаконнай дзейнасьці прафсаюзу.

Абаронцы даводзілі, што дзейнасьць першаснай прафсаюзнай арганізацыі аўтазаводу цалкам законная, бо Свабодны прафсаюз, паводле прэзыдэнцкага дэкрэту, прайшоў перарэгісторацыю ў Міністэрстве юстыцыі. Узгадвалі факты затрымак з разглядам дакумэнтаў, бо Свабодны прафсаюз аўтазаводу яшчэ летась увосень накіраваў адпаведныя дакумэнты ў ворганы ўлады. Судовае паседжаньне было перанесенае на 23 чэрвеня.

Аляксандар Сердзюкоў, Магілеў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG