Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паштовая Скрынка 111


Лісты апошняга тыдня, якія прыйшлі на адрэсу нашага менскага бюро, чытае і камэнтуе Валянцін Жданко.

Пачну зь ліста Янкі Каляды зь вёскі Лепаўшчына Вілейскага раёну Менскае вобласьці. Янка піша пра стаўленьне да нацыянальнай гісторыі і яе слынных асобаў. Вось урыўкі зь ягонага ліста:

“Чаму вамі гэтак забыты Янка Філістовіч? Нават пра Дудаева Пазьняк на мітынгу ўспомніў, памяць ягоную ўшанавалі. Карпенку помнік зьбіраюцца ставіць…
Янка быў сябрам Цэнтральнае Рады. Ён мне паказваў фота Міколы Абрамчыка, на адвароце якога было напісана: “Дарагому Янку на ўспамінак” – і подпіс.
У такіх цяжкіх і небясьпечных умовах Янка наладзіў друкаваньне антыбальшавіцкіх улётак, распрацаваў прысягу для беларускіх жаўнераў на вернасьць Радзіме. І хлопцы ня здрадзілі, а здрадзіў калега па школьнай лаўцы.
Мае адбыцца Кангрэс дэмакратычных сілаў і Зьезд беларусаў. Я прашу вас зьвярнуцца да арганізатараў гэтых мерапрыемстваў, каб успомнілі пра Янку Філістовіча, які гэтак любіў Беларусь і аддаў за яе жыцьцё. Ягоным імем трэба вуліцы называць, помнікі яму ставіць.
Калі мы разам зь Янкам сядзелі на лаве падсудных, і на васямнаццаты дзень судовага працэсу жудасна прагрымелі словы “К высшей мере через расстрел” – Янка нават не здрыгануўся. І тады я ўспомніў пра суд над Ісусам Хрыстом. Толькі пілаты тут былі больш жахлівыя”, – напісаў Янка Каляда зь вёскі Лепаўшчына Вілейскага раёну.

Няма сёньня ані ў Менску, ані ў іншых беларускіх гарадох і мястэчках вуліцаў Філістовіча ці Аўрамчыка з тае прычыны, што захаваліся вуліцы Камуністычная, Рэвалюцыйная, Бальшавіцкая, Дзяржынская… І помнікаў няма, бо на галоўных нашых пляцах стаіць у сотнях бронзавых выяваў Ленін.

Гэтак сама, як Янка Каляда, думаюць сёньня сотні тысячаў беларусаў, якія хочуць жыць ва ўласнай краіне і шанаваць памяць пра тых, хто змагаўся за вольную незалежную Беларусь, а ня тых, хто асуджаў гэтых змагароў на сьмерць і на Калыму. Каты з НКВД нават праз паўстагодзьдзя пасьля ўчыненых імі злачынстваў паўстаюць перад судом у Латвіі ды Летуве, Эстоніі ды Польшчы. Настане дзень, калі іх будуць судзіць і ў Беларусі. І гэта, спадар Каляда, будзе галоўным ушанаваньнем памяці Янкі Філістовіча і ягоных аднадумцаў.

Ліст які прыйшоў электроннай поштаю, калі меркаваць па подпісу – зь Берасьця, ад банкаўскай супрацоўніцы спадарыні Ярмілавай. Яе ўразіў сюжэт нашага рэгіянальнага карэспандэнта зь Пінску Аляксея Дзікавіцкага, у якім распавядалася, як намесьнік кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі Іван Пашкевіч знаходзіць магчымасьць пералічваць на патрэбы сваёй выбарчай акругі буйныя сумы грошай. Спадарыня Ярмілава піша:

“Іван Пашкевіч узначальвае Раду банку “Залаты Талер”. Ён больш галоўны, чым старшыня банку – так запісана ў законе. Гэтыя людзі вызначаюць палітыку банку і кантралююць яго. Старшыня банку толькі наняты імі на працу. Таму ніхто з арыштаваных банкіраў ня змог нават пікнуць – ані Віньнікава, ані Чыгір, ані іншыя. І ніхто іх, уладальнікаў, ня ведае – прэса абыходзіць іх бокам.
Банк Пашкевіча – цьмяная справа. Гэта прыбалтыйскі капітал і капітал вышэйшых чыноўнікаў. Там не было аніводнай саліднай праверкі. Калі пры Віньнікавай паспрабавалі замяніць кіраўніцтва праз атэстацыю, анічога не атрымалася. Гэта праблема дзяржавы-кармушкі для чыноўнікаў. Падпісаньне чэкаў праз банк – гэта перавышэньне паўнамоцтваў. Гэта тое, за што сядзелі ўсе ахвяры гэтак званых “гучных справаў”. І паводле закону патрэбная праверка банку, а мо’ і арышт, як Лявонава, Старавойтава, Віньнікавай – ім жа гэта было пастаўлена ў віну”, – напісала спадарыня Ярмілава зь Берасьця.

Сярод чынавенства высокага рангу цяпер увогуле адбываюцца цікавыя працэсы – займальна пра іх распавядае былы кіраўнік управы прэзыдэнцкай адміністрацыі Аляксандар Пласкавіцкі, які днямі дабрахвотна пакінуў пасаду. З аднаго боку, на цяперашні нават міністэрскі заробак можна нармальна хіба што харчавацца – ані прыстойны касьцюм, ані тым больш машыну ці пуцёўку за мяжу за яе ня купіш. З другога – за любыя пабочныя заробкі ў выглядзе, напрыклад, удзелу ў кіраваньні якім-небудзь камэрцыйным банкам – можна разьлічыцца ня толькі пасадаю, але й асабістай свабодаю. Праўда, некаторым чыноўнікам гэта дазваляецца, іншым – не. Натуральна, адны другім зайздросьцяць і гатовыя пры любым зручным выпадку пакінуць няўдзячную непрыбытковую службу.

Пра выпадак зь Іванам Пашкевічам дакладна меркаваць цяжка, хоць, нават мяркуючы па працытаваным лісьце, зайздросьнікаў у яго хапае.

Наш сталы слухач Ільля Копыл зь Менску, згадваючы пра гадавіну нападу фашыстоўскае Нямеччыны на Савецкі Саюз, распавядае пра свае ўспаміны і ўражаньні наконт партызанскага руху ў Беларусі. Ён піша:

“Пра вайну я ведаю не па чутках, таму што ад яе пачатку і да вызваленьня жыў у акупацыі, у вёсцы Нябышына, што на Бягомальшчыне. Хацеў бы паразважаць пра міты, што складзеныя пра партызанскі рух у Беларусі. Адзін зь мітаў – тое, што партызаны нанесьлі немцам вялікі ўрон.
Праз нашую вёску пралягае адная з дарог Докшыцы – Бягомль. Гэтай дарогаю немцы амаль не карысталіся: можа, за тыдзень праяжджала адная ці дзьве машыны. Але ж партызаны ўначы разбурылі й спалілі мост цераз раку Поня побач з нашай вёскаю. Яны маглі спаліць гэты мост і ўдзень, бо немцы яго не вартавалі. І шкоду яны нанесьлі найперш жыхарам нашай ды суседніх вёсак. А ў Маскву паляцела данясеньне, нібы зьнішчаны стратэгічны аб’ект. І потым прыкладна раз на тыдзень яны зноў і зноў зьнішчалі тое, што пасьпявалі аднавіць вяскоўцы з дапамогаю нямецкага інжынэра. А калі на просьбу вяскоўцаў немцы ўначы сталі ахоўваць мост, партызаны папярэдзілі, каб ніхто пад пагрозаю расстрэлу не выходзіў на рамонтныя работы.
Яшчэ адзін міт – нібы партызаншчына сярод беларусаў была масавай зьяваю. З нашай вёскі за першыя два гады ў партызаны не пайшоў аніводзін чалавек. У паліцыянты запісаўся ўсяго адзін хлопец – потым ён і стаў першым партызанам.
У нашай мясцовасьці дзейнічала партызанская брыгада “Жалязьняк”. Спачатку ў ёй было ўсяго тры атрады. Акрамя нумароў, гэтыя атрады мелі назвы – “Вяцкі”, “Тульскі”, “Маскоўскі” – паводле мясьцінаў, дзе яны фармаваліся. Штаб брыгады фармаваўся ў падмаскоўнай Барвісе, а камандзірам быў прызначаны былы камандзір сапёрнае роты з Тульскай вобласьці Ціткоў. Гэта былі, хутчэй, не партызаны, а часткі Чырвонай Арміі, якія перакінулі ў тыл немцаў. Да іх далучылася невялікая колькасьць мясцовых камуністаў і савецкіх апаратчыкаў, якія не пасьпелі ўцячы на Ўсход і хаваліся ў лясох.
Трэці міт – што партызаны абаранялі жыхароў ад немцаў. У сапраўднасьці яны часьцей правакавалі немцаў і рабілі жыцьцё мірных жыхароў небясьпечным. У нашай мясцовасьці калі немцы плянавалі нейкія апэрацыі супраць партызанаў і партызаны пра гэта даведваліся, дык зьнікалі зь вёсак моўчкі, і ніколі не папярэджвалі вяскоўцаў пра небясьпеку. Пра яе мы, як правіла, даведваліся ад жыхароў вёскі Восава, да якой было празь лес 6 кілямэтраў, і гэта ўжо была Заходняя Беларусь. Ратавалі сябе самі, як маглі. Не дзякуючы партызанам, а насуперак ім.
Партызанскія начальнікі пасьля вызваленьня ў сваіх зонах сталі партыйнымі сакратарамі. Усе галоўныя пасады апынуліся ў іхных руках. Жыхар Тульскае вобласьці Ціткоў стаў першым сакратаром Бягомальскага раённага камітэту партыі. Да вайны наш раён быў сапраўды беларускім. За гады кіраваньня Ціткова ўсё было пераведзена на расейскую мову, і стала амаль гэтак, як у Туле”, – гэта быў ліст Ільлі Копыла зь Менску.

Сапраўды, гісторыя партызанскае вайны ў Беларусі так доўга падавалася аднабакова, што без такіх вось і многіх іншых успамінаў, на якія дзесяцігодзьдзі йснавала забарона, сапраўдную карціну тых трагічных гадоў пакуль што ўявіць цяжка. Тым больш, калі ўлады па-ранейшаму не спрыяюць гэтаму.

Вялікі дзякуй усім, хто знайшоў час падзяліцца думкамі наконт пачутага й напісаць нам. Чакаем новых лістоў на адрэсу:
паштовая скрынка 111, 220005, Менск-5, Беларусь
Remailer Менскага бюро: svaboda@europe.com

Вашыя лісты чытаў
Валянцін Жданко, Менск

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG