Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


22 чэрвеня гэтак званая “Палата прадстаўнікоў” адзінагалосна адразу ў двух чытаньнях без усялякіх уласных зьменаў прыняла заканапрэкті, які тычыцца зьменаў і дадаткаў да Выбарчага кодэксу, заснаваных на рэкамендацыях гэтак званага “грамадзкага дыялёгу”. Нават асобныя дэпутаты “Палаты прадстаўнікоў” прызнаюць, што гэтыя зьмены ў Выбарчы кодэкс неістотныя.

Старшыня Цэнтарвыбаркаму Лідзія Ярмошына зазначыла, што Лукашэнкам былі ўлічаныя 9 з 16 паправак, прапанаваных гэтак званым “дыялёгам”. Гэтыя папраўкі акрэсьліваюць правы назіральнікаў, неабходнасьць дэкляраваньня даходаў і маёмасьці для кандыдатаў, пэўным чынам рэглямэнтуюць датэрміновае галасаваньне.

Аднак, не ўвайшлі ў гэты заканапраект самыя істотныя рэкамэндацыі, выпрацаваныя ад імя “дыялёгу”. А менавіта: палажэньні пра рэзэрваваньне за палітычнымі партыямі трэцяй часткі складу выбарчых камісіяў, пра памяншэньне планкі абавязковай яўкі выбаршчыкаў з 50 да 25 адсоткаў, пра права назіральнікаў атрымліваць завераныя копіі пратаколаў вынікаў галасаваньня і пра адмену датэрміновага галасаваньня. Гэта значыць, што ўсе намаганьні зрабіць выбары больш празрыстымі й дэмакратычнымі, якія рабілі Алена Скрыган, Вольга Абрамава, Уладзімер Гудзееў у часе гэтак званага “дыялёгу”, аказаліся марнымі.

Пракамэнтаваць прынятыя сёньня папраўкі ў Выбарчы кодэкс мы папрасілі менскага палітоляга Аляксея Караля.

На вашую думку, наколькі аблегчыць удзел у выбарах для незалежных ці партыйных кандыдатаў праэкт Закону аб зьменах у Выбарчы кодэкс?

(Кароль: ) “На мой погляд, тыя зьмены, якія ўнесеныя прэзыдэнцкім бокам для разгляду Палатай прадстаўнікоў, ніколькі не аблягчаюць і не даюць ніякіх істотных падставаў лічыць, што прадстаўнікам партыяў і незалежным кандыдатам будуць стварацца больш спрыяльныя ўмовы для ўдзелу ў выбарах. Зробленыя гэтыя саступкі дзеля таго, каб прадэманстраваць яшчэ раз перад міжнароднай супольнасьцяй нібыта дэмакратычнасьць Выбарчага кодэксу. Сёньня можна сказаць, што ўлада дасягнула той мяжы, да якой яна гатовая была пайсьці ў сваіх саступках дэмакратычным сілам, міжнароднай дэмакратычнай практыцы выбараў. Таму што за гэтай мяжой, як яна лічыць, для яе ўжо будзе вялікая небясьпека выбары прайграць.”

(Каліноўскі: ) “Прэзыдэнт адмовіўся ад тых прапановаў, які рабілі выбары празрыстымі. Як вы мяркуеце, ці гэта ня значыць, што ўлада рыхтуецца да фальсыфікацыі?”

(Кароль: ) “Улада хацела б не пайсьці на фальсыфікацыю – ў тым сэнсе, каб выбаршчыкі прагаласавалі так, як яны плянуюць – кантроль да таго, як выбаршчык ідзе на ўчастак. Гэта ўплыў, скажам, праз кіраўніцтва прадпрыемстваў, калгасаў. Калі гэта ня ўдасца, тады ёсьць магчымасьць на апошнім рубяжы сфальсыфікаваць вынікі выбараў. І калі ў выбарчых камісіях адсутнічаюць прадстаўнікі апазыцыйных партыяў, то гэта зрабіць вельмі лёгка.

І тут яшчэ адная дэталь. Наглядальнікі прапісаныя на ўсіх узроўнях, акрамя Цэнтральнай Выбарчай Камісіі. А наколькі можна судзіць па рэфэрэндуме лістападу 96г., фальсыфікацыя магчымая на апошнім узроўні – на ўзроўні ЦВК. Тое, што прапанавана адміністрацыяй Лукашэнкі і прынята Палатай прадстаўнікоў – гэта, па сутнасьці, камуфляжныя папраўкі. Прапісаныя правы наглядальнікаў збольшага, не адменены абыход са скрынямі людзей – здаецца, у ніводнай дэмакратычнай краіне гэтая норма не ўтрымліваецца, абмежаваны толькі лік скрыняў: можна тры, а раней можна было больш. Уведзенае дэкляраваньне даходаў –я думаю, што, з аднаго боку, гэта проста папулісцкая мера, разьлічаная на народ – вось, маўляў, якая ў нас улада – яна кантралюе, не дапускае. З другога боку, гэта магчымая мера супраць таго незалежнага кандыдата, які рызыкне ўдзельнічаць у гэтых выбарах на свой страх і рызыку.”

(Каліноўскі: ) “Гэтыя папраўкі даюць магчымасьць партыям нейкім чынам ацаніць Выбарчы кодэкс у цэлым і прыняць рашэньне аб удзеле альбо няўдзеле ў выбарах пры такіх умовах. Якая, хутчэй за ўсё, гэта будзе выснова, на ваш погляд?”

(Кароль: ) “Безумоўна, гэта амаль што апошняя дэманстрацыя сваіх намераў з боку ўладаў, і відавочна, што так партыі гэта і будуць ацэньваць: што больш на саступкі ў бок дэмакратызацыі Кодэксу ўлада не гатовая ісьці і ня пойдзе. Гэта важкі аргумэнт для прыняцьця рашэньня аб удзеле альбо няздзеле ў выбарах. Калі саступак больш ня будзе, то рашэньне, якое прымуць партыі аб удзеле ў выбарах, хутчэй за ўсё, будзе адмлўным.”

Гэта быў палітоляг, адзін з кіраўнікоў Сацыял-Дэмакратычнае партыі “Народная Грамада” Аляксей Кароль.

Валер Каліноўскі, Менск

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG