Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Сёньня


Праблема захаваньня міру ў рэгіёне, які знаходзіцца паміж краінамі NATO й Расеяй, абмяркоўваецца ўдзельнікамі міжнароднае канфэрэнцыі “Бясьпека й супрацоўніцтва ў Балта-Чарнаморскім рэгіёне”, што распачалася сёньня ў Менску ў штаб-кватэры СНД.

Сёньня паміж Балтыкаю і Чорным морам мір, але ці гарантыя гэта спакою ў будучыні, і што зрабіць, каб мір на гэтай прасторы захаваўся? Гэтай праблеме прысьвячаецца міжнародная канфэрэнцыя, што распачалася сёньня ў штаб-кватэры СНД.

Аналітыкі зь Беларусі, Украіны, Расеі ды краінаў Балтыі сустрэліся за круглым сталом і вядуць вельмі складаную размову. Бо перад тым, як знайсьці агульнае, трэба вызначыцца з асобным. А яно ў нашых краінаў, якія яшчэ ня даўна былі разам, ужо дастаткова рознае. Беларусы, напрыклад, шчыра прызналі, што большасьць пагрозаў для Беларусі сёньня маюць унутранае паходжаньне.

Экспэрт Аналітычнага цэнтру “Стратэгія” Яраслаў Раманчук, напрыклад, кажа:

(Раманчук: ) “Усе пагрозы ўнутраныя: гэта палітычная нестабільнасьць, экалягічная катастрофа, эканамічныя пагрозы – Беларусь знаходзіцца на 135 мейсцы ў сьвеце па інвэстыцыйным рэйтынгу. Гэта зьяўляецца падставай для таго, каб сказаць: наша ваенная і абарончая дактрына бясьпекі – гэта ўсё зь мінулай эпохі, і трэба кардынальна яе зьмяняць.”

Гэтак лічыць Яраслаў Раманчук.

Збольшага салідарны зь ім і экспэрт Міжнароднага інстытуту палітычных дасьледваньняў Андрэй Фёдараў. Ён стрымана ставіцца да тэзы пра пагрозу з боку NATO, але не падзяляе і думкі тых, хто ўсе праблемы Беларусі зводзіць да небясьпечнага ўплыву з усходу…

(Фёдараў: ) “Я ня бачу нейкай канцэнтрацыі войскаў ці іх павелічэньня з польскага боку. Наадварот: Польшча зараз даволі істотна скарачае свае ўзбройныя сілы – недзе на 20%. А тое, што мы маем зараз ваенны саюз – гэта і з эканамічнага пункту погляду нявыгадна для Беларусі, на мой погляд. Гэта стварае пагрозу эканамічнаму разьвіцьцю Беларусі і, на мой погляд, пагрозу незалежнасьці.”

Казаў аналітык Андрэй Фёдараў.

Але праблема бясьпекі ў рэгіёне канешне не абмяжоўваецца нейкай адной краінаю. Вярнуся да назвы канфэрэнцыі. Яна называецца “Бясьпека й супрацоўніцтва ў балта-чарнаморскім рэгіёне: эўрапейскі й рэгіянальны аспэкты”. Гэтая папраўка істотная, і нездарма некаторыя ўдзельнікі канфэрэнцыі ўжо ў яе пачатку заявілі, што на іхную думку аніякіх рэгіянальных аспэктаў у сыстэмы эўрапейскае бясьпекі няма.

Напрыклад, супрацоўнік Расейскага інстытуту стратэгічных дасьледваньняў Сяргей Бальшакоў схіляецца да думкі, што рэгіянальная мадэль бясьпекі – гэта хімера, ад якой лепш хутчэй пазбавіцца. А вось рэальнасьць – гэта NATO, гэта вайсковая моц Расеі, гэта палітыка Вашынгтону, які падтрымлівае рэгіянальны сэпаратызм ды, яшчэ аказваецца, Кітай.

Другі расейскі аналітык Іван Сафранчук прынамсі згадаў той факт, што ў сцэнары расейскіх манэўраў “Захад-99” прысутнічала гіпатэтычная магчымасьць выкарыстаньня тактычнай ядравай зброі. Такім чынам, расейцы схільныя падмацаваць дамовы пра бясьпеку ў Эўропе аргумэнтамі ў выглядзе малых атамных бомбаў, і таму намаганьні рэгіёнаў ва ўмацаваньні сваёй бясьпекі прапануюць лічыць марнай тратаю сілаў і сродкаў.

Прэзыдэнт Украінскага Цэнтру стратэгічных дасьледваньняў Павло Жовнірэнка з такой пазыцыяй ня згодны. Ён супраць спрошчваньня становішча ў Эўропе да процістаяньня Расеі ды NATO, а пазыцыі ўсходнеэўрапейскіх краінаў прапануе не вызначаць толькі стаўленьнем да паўночнаатлянтычнага альянсу. “Пытаньне ня ў тым, куды йсьці, у NATO ці яшчэ куды, а ў тым, як жыць, паводле якіх стандартаў, дэмакратычных ці аўтарытарных”, – кажа ўкраінскі аналітык і заяўлае, што ва Ўкраіне ўсё больш людзей, якія абіраюць заходні вэктар разьвіцьця, але разумеюць – спачатку Эўропу трэба стварыць у сваёй краіне.

Дарэчы, пра статыстыку, якой апэлююць вучоныя тут на канфэрэнцыі. Вось некаторыя лічбы, што паклалі пачатак размове аналітыкаў менавіта пра Беларусь. Згодна з дасьледваньнямі, толькі 7 адсоткаў беларусаў бачаць пагрозу для сябе ў вонкавых фактарах, а бальшыня баіцца страціць здароўе ды аказацца ў галечы.

У грамадзянаў суседніх краінаў стаўленьне да пагрозаў іншае. Аказваецца, сярод гэтых пагрозаў нашыя суседзі часта бачаць Беларусь. Гэтак, да 40 адсоткаў летувінаў не давяраюць Беларусі як краіне. Чаму?

Прэзыдэнт аналітычнага цэнтру “Стратэгія” Леанід Заіка кажа:

“Я мяркую, гэта тлумачыцца тым, што ў Беларусі ва ўнутрыпалітычным жыцьці ёсьць пэўныя істотныя дэфармацыі”, – кажа Леанід Заіка і далей пералічае таксама тое, што Беларусь актыўна гандлюе зброяй, узмацняе вайсковы саюз з Расеяй і мае войска, непараўнальнае з войскамі тых жа прыбалтыйскіх краінаў. Але галоўнае, на думку Леаніда Заікі, унутраная палітыка нашае краіны…

Канфэрэнцыя працягвае сваю працу, наперадзе яшчэ даклады прыбалтыйскіх, беларускіх і ўкраінскіх спэцыялістаў.

Алег Грузьдзіловіч, Менск

XS
SM
MD
LG