Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Прадстаўнікі сэнату ЗША заклікалі Мадлен Олбрайт у часе ейнай паездкі па Ўсходняй Эўропе сустрэцца з прадстаўнікамі беларускай апазыцыі. Анатоль Лябедзька камэнтуе зварот амэрыканскіх сэнатараў...

У лісьце да Мадлен Олбрайт прадстаўнікі Сэнату заклікалі Дзяржсакратара ЗША сустрэцца з лідарам Аб’яднанай Грамадзянскай Партыі Анатолем Лябедзькам ды іншымі дзеячамі апазыцыі. Ліст падпісалі сустаршыні камісіяў бясьпекі і супрацоўніцтва ў Эўропе, а таксама справаў Прыбалтыкі і Каўказу Бэн Найтгорс Кэмпбэл і Рычард Дурбін. З наступнага аўторку па чацьвер Мадлен Олбрайт будзе ўдзельнічаць у канфэрэнцыі дэмакратычных супольнасьцяў. Сэнатары напісалі, што асуджэньне парушэньняў правоў чалавека і рэпрэсіяў супраць апазыцыі ды падтрымка дэмакратычных сілаў Беларусі цяпер больш неабходная, чым калі-кольвечы. Па камэнтар мы зьвярнуліся да старшыні АГП Анатоля Лябедзькі.

(Лябедзька: ) “Па-першае, я буду ў Варшаве, буду ўдзельнічаць у гэтым міжнародным форуме, на які шмат прыедзе прадстаўнікоў розных краінаў. Гэта – форум даволі высокага ўзроўню. Перш, чым зьявілася гэтая ініцыятыва, у мяне былі папярэднія кантакты і з вышэй названымі сэнатарамі. Мы папярэдне абмяркоўвалі гэтую ініцыятыву, таму яна вельмі важная ў тым сэнсе, каб замацаваць вынікі нашага візыту ў Вашынгтон. І гэта было добрым працягам тых стасункаў, што склаліся з амэрыканскай палітычнай элітай.

(Вядучы: ) “І яшчэ адно пытаньне. У гэтым звароце сказана, што сэнатары занепакоеныя вашай асабістай бясьпекай і бясьпекай іншых лідэраў апазыцыі. Як вы ацэньваеце сытуацыю? Ці дазволяць, напрыклад, беларускія ўлады выехаць за мяжу, ці адчуваеце вы сапраўды нейкія пагрозы па ранейшаму?”

(Лябедзька: ) “Я ня думаю, што рэжым дайшоў да такой мяжы, каб забараняць выезды за мяжу. Хаця ў гэтым годзе ў мяне былі тры месяцы, калі я ня мог выехаць за межы Беларусі. Мне проста не выдавалі пашпарт. Зараз такіх прычынаў штучнага характару няма, калі апазыцыйных палітыкаў не выпускаць за межы Беларусі, то гэта значыць яшчэ больш абвастраць пытаньне ў адносінах да рэжыму. Я ня бачу вялікай лёгікі ў дзеяньнях ураду і асабіста Лукашэнкі. Мы павінны быць падрыхтаваныя да любога сцэнару. Але я ўсё-ткі думаю, што наш візыт у Варшаву адбудзецца, і ён будзе досыць важкім”.

Гутарыў
Віталь Тарас

XS
SM
MD
LG