Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Газэце “Беларуская маладзёжная” адмовілі ў правядзеньні традыцыйнага фэстывалю “Купальле зь “Беларускай маладзёжнай”. Пачынаючы з 1994 году, гэты фэстываль праходзіў у Менску штогод на прыканцы чэрвеня.

Менскія гарадзкія ўлады не дазволілі правядзеньне імпрэзы, спасылаючыся на пратакол паседжаньня аргкамітэту пад кіраўніцтвам Замяталіна ў справе сьвяткаваньня гадавіны вызваленьня Беларусі й Дня незалежнасьці. Згодна з адказам намесьніка старшыні гарадзкога выканкаму Віктара Чыкіна, які атрымала рэдакцыя, перад сьвяткаваньнямі 1-3 ліпеня ў парку Горкага, дзе звычайна ладзілі “Купальле”, будзе праводзіцца частковы рамонт лавак і дарожак. Цікава, што сама адміністрацыя парку ня ведае пра гэтыя намеры гарадзкіх уладаў, бо дала згоду на правядзеньне ў гэтыя дні музычнай акцыі.

Адмову гарадзкога выканкаму камэнтуе рэдактарка “Беларускае маладзёжнай” Тацяна Мельнічук:

(Мельнічук: ) “Мне вельмі прыкра, што нашыя цяперашнія ўлады падзялілі на “чэсных” і “нячэсных” ня толькі журналістаў, палітычных і грамадзкіх дзеячаў, але нават маладзёвыя мерапрыемствы. Мы будзем настойваць на прадаўжэньні гэтай традыцыі. Канешне, гарвыканкам усё робіць так, каб мы не пасьпелі спраўдзіць свае намаганьні ў купальскія дні, каб мы забраліся куды-небудзь пад дах, правялі імпрэзу ў невялічкім зальчыку месцаў на 500, зь білетамі. Але не: гэта – традыцыя вулічных маладзёвых фэстываляў, маладзёвага сьвята. Гэта – тое, чым павінна займацца маладзёвая газэта. Яна будзе гэтым займацца.

Сёньня мы напісалі ў гарвыканкам яшчэ адну заяву – яны пасьпяваюць разгледзець яе – каб яны перанесьлі фэстываль на 6 ліпеня, напрыклад. Шкада: мы тут перасячэмся з праваслаўным днём Івана Купалы, мы не хацелі гэтага рабіць, мы заўсёды сваё сьвята прымяркоўваем да астралягічнага Купальля, каб не пакрыўдзіць ні тую, ні іншую канфэсыю.

У 96г. на адным з фэстываляў мы кінулі дэвіз: “Будзьце аптымістамі – нараджайце дзетак!” Дык вось: нашыя хлопцы і дзяўчаты нараджаюць новае пакаленьне, якое ня будзе жыць у цемрашальстве. І нашая газэта, нашыя фэстывалі ўсяляк будуць спрыяць надыходу новых часоў, новага неба, новага пакаленьня.”

Гаварыла Тацяна Мельнічук.

Юлія Дранчук, Менск

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG