Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


У гэтым месяцы колькасьць жыхароў у Беларусі ўпершыню за апошнюю чвэрць стагодзьдзя апусьцілася ніжэй за 10-мільённую адзнаку. За 5 апошніх гадоў Беларусь ператварылася ў нацыю, якая імкліва старэе. Пры цяперашніх дэмаграфічных тэндэнцыях праз 50 гадоў колькасьць жыхароў краіны можа скараціцца ўдвая.

Паводле вызначэньня ААН, краіна лічыцца “старою”, калі доля людзей, век якіх звыш 65 гадоў, складае больш за 7%. Беларусь гэты паказчык перавысіла амаль удвая: колькасьць старых жыхароў на сёньняшні дзень складае 13%. Наколькі гэтая лічба вялікая для Беларусі, гаворыць начальнік аддзелу дэмаграфіі Міністэрства статыстыкі Тацяна Паляўцова:

“Што значыць “многа ці мала”? Гэты паказчык трэба супастаўляць зь непрацаздольнымі жыхарамі, або дакладней – якая нагрузка ў падобнай сытуацыі кладзецца на таго, хто працуе. І, нарэшце, якую частку старых людзей могуць замяніць тыя, хто ўваходзіць у працаздольны век”, – лічыць Тацяна Паляўцова.

Сярэдняя працягласьць жыцьця беларускіх мужчын цяпер складае 62 гады. У жанчын гэты паказчык адносна высокі – 74 гады. Паводле спадарыні Паляўцовай, такая адчувальная розьніца тлумачыцца значным ростам сьмяротнасьці сярод мужчын ад анкалягічных хваробаў, інсультаў ды інфарктаў. Каэфіцыент сьмяротнасьці ў 99-м годзе аказаўся вышэйшым за каэфіцыент 90-га году ажно на 26%. Жанчыны супраць гэтае навалы аказаліся мацнейшымі.

Другі паказчык – сьмерць ад няшчасных выпадкаў. З 33.000 сьмяротных выпадкаў у працаздольным веку 26 тысячаў прыходзіцца на долю мужчын. У сваю чаргу, 17 тысячаў з 26-ці наўпрост зьвязаныя з вонкавымі фактарамі.

Такім чынам, за 10 апошніх гадоў колькасьць жыхароў краіны зьменшылася на 190 тысячаў чалавек. Мінулы год адзначаны своеасаблівым рэкордам: ужо за першае паўгодзьдзе дысбалянс дасягнуў 30 тысячаў – нарадзілася 44.000, памерла 74.000. У 70-м годзе колькасьць памерлых была дакладна такая ж – 74 тысячы, але тады на сьвет зьявілася 159 тысячаў новых грамадзянаў.

Гэты год таксама адзначаны пераадоленьнем сумнага рубяжу: калі ў студзені колькасьць жыхароў у Беларусі яшчэ перавышала 10 мільёнаў і складала 10.019.000 чалавек, дык у чэрвені ўпершыню за чвэрць стагодзьдзя Беларусь згубіла свой 10-мільённы статус.

Паказальна, што цяпер у Індыі за два дні нараджаецца дзяцей больш, чым у Беларусі цягам году. Калі тэндэнцыя захаваецца, праз 8-10 гадоў дзеці будуць займаць у беларускім грамадзтве толькі 13%. Ня дзіўна, што дэмаграфічную нішу пачынаюць запаўняць пэнсіянэры.

Рост колькасьці жыхароў рэгістраваўся да 94-га году. Увесь пэрыяд прэзыдэнцтва Лукашэнкі характарызуецца пачаткам працэсу гэтак званае “дэпапуляцыі”. Збываецца імправізаваны прагноз: “будзеце жыць блага, але нядоўга”.

Дысбалянс паміж сталымі мужчынамі й жанчынамі найперш відаць у сельскай мясцовасьці, дзе колькасьць удоваў перавысіла ўсе, так бы мовіць, нормы. Да ўсяго, сельскія мужчыны, здароўе якіх падарванае ненармаваным працоўным днём ды няякаснымі алькагольнымі напоямі, жывуць амаль на 5 гадоў менш за гарадзкіх. Нават паводле афіцыйных прагнозаў, становішча ў вёсцы такое, што праз 40-50 гадоў там увогуле не застанецца працаздольных людзей.

А ўвогуле, паводле разьлікаў аддзелу дэмаграфіі Міністэрства статыстыкі, ужо праз паўстагодзьдзя колькасьць жыхароў Беларусі можа скараціцца напалову.

Ігар Карней, Менск

XS
SM
MD
LG