У гарадзкім судзе Менску быў зачытаны прысуд у крымінальнай справе лідэра
сацыял-дэмакратаў Міколы Статкевіча й дэпутата Валерыя Шчукіна. Мікола
Статкевіч атрымаў 2 гады пазбаўленьня волі з адтэрміноўкаю выкананьня прысуду
на 2 гады. Валеры Шчукін – 1 год з адтэрміноўкаю на год. Акрамя таго яны
павінны выплаціць каля 88 мільёнаў рублёў.
Сёньня каля будынку гарадзкога суду былі выстаўленыя кардоны міліцыянтаў,
а на ўсіх пляцоўках і ў судовай залі – кардоны АМАП’аўцаў з-за вялікай
колькасьці жадаючых трапіць у судовае паседжаньне.
Нагадаем, крымінальная справа, узбуджаная гарадзкой пракуратураю супраць
Міколы Статкевіча й Валерыя Шчукіна паводле артыкулу 186 часткі 3 (арганізацыя
або актыўны ўдзел у групавых дзеяньнях, якія пацягнулі масавыя беспарадкі)
цягнулася з восені мінулага году. Мікола Статкевіч і Валеры Шчукін абвінавачваюцца
ў тым, што летась актыўна ўдзельнічалі ў кастрычніцкіх вулічных беспарадках,
а Мікола Статкевіч – і ліпеньскіх, пад час несанкцыянаванага шэсьця ў Дзень
Незалежнасьці.
Сярод прысутных былі прадстаўнікі амбасадаў, АБСЭ, сацыял-дэмакраты
зь Нямеччыны, партыйныя паплечнікі й журналісты. Калі Валеры Шчукін убачыў,
што ня ўсіх жадаючых пускаюць у судовую залю, ён выйшаў на ганак суду і
там паведаміў міліцыянтам, што пойдзе ў судовую залю апошнім. Гэта дало
станоўчы вынік.
Судзьдзя Ігар Крот больш за гадзіну чытаў прысуд, зь якога вынікала,
што дэманстранты хуліганілі ды ўжывалі сьлезацечны газ і выбуховыя пакеты
(што вельмі зьдзівіла ўсіх прысутных, бо нават у папярэдніх паседжаньнях
гэтага не гучала).
Пасьля зачытаньня прысуду – 2 гады зьняволеньня Міколе Статкевічу й
1 год Валерыю Шчукіну з адтэрміноўкаю адпаведна на 2 і 1 год – заля выбухнула
воклічамі: “ганьба!”. Акрамя таго, старшыня “Народнае Грамады” мусіў адзначацца
ў міліцэйскіх пастарунках, калі пажадае зьмяніць месца жыхарства.
Мікола Статкевіч у судовай залі паведаміў “Радыё Свабода”:
(Статкевіч: ) “Тое, што тут адбылося, - гэта акт палітычнай помсты.
Барацьба з магчымымі канкурэнтамі і супернікамі. Проста барацьба з тымі,
хто хоча свабоды нашай краіне. Безумоўна, прысуд пісаўся яшчэ да 5-га чэрвеня,
паводле гэтага прысуду павінна было быць 2 гады калёніі агульнага рэжыму.
Гэта – відавочна. Але партыі ўдалося правесьці зьезд. Я пераабраны на старшыню.
Першы намесьнік – чалавек цьвёрды і надзейны. Уладзе прыйшлося пачынаць
гуляць. Яны цягнулі, дацягнулі да прыезду “тройкі”. І гэтыя 2 гады… Калі
лідара адной зь вядучых палітычных партыяў выключаюць з рэальнай палітыкі,
апроч унутрыпартыйнай, выключаюць з выбарчай палітыкі… Улады будуць падаваць
гэта як крок насустрач. Як нейкую дэмакратызацыю. Гэты прысуд вельмі яскрава
характарызуе сытуацыю з правамі чалавека і незалежнасьцю правасудзьдзя”.
Другі асуджаны – дэпутат Валеры Шчукіны – дадаў: “Прысуд мяне не зьдзівіў.
Але я не зьбіраюся хадзіць у міліцэйскі пастарунак і там адзначацца. Або
мяне кінуць за краты, або міліцыянты будуць мяне насіць у пастарунак. Я
лічу, што прысуд незаконны. Вось нам зачыталі пра тое, што мы нібыта не
падпарадкоўваліся супрацоўнікам міліцыі, але ж іх там і не было! Там былі
салдаты. А я ўсё ж такі афіцэр і салдаты мне загады аддаваць ня будуць!”,
– паведаміў Валеры Шчукін.
Экс- прэм’ер Міхал Чыгір, якому ў гэтай жа судовай залі днямі быў зачытаны
прысуд, так пракамэнтаваў сёньняшнюю падзею “Радыё Свабода”:
(Чыгір: ) “Гэтага трэба было чакаць. Статкевіч фактычна выключаны з
палітычнага жыцьця, але я думаю, ён ад гэтага не адмовіцца. А як будуць
дзейнічаць улады, сказаць цяжка”.
Старшыня партыі БНФ Вінцук Вячорка падзяліўся сваімі меркаваньнямі:
(Вячорка: ) “Міжнародная ўвага да таго, што адбываецца ў Беларусі, і
засьведчаная сіла незалежніцкіх палітычных структураў змусілі рэжым не
засадзіць гэтым разам нашых сяброў за краты. Але тое, што іх паспрабавалі
пазбавіць палітычнай актыўнасьці – відочна”.
Адвакаты асуджаных Міколы Статкевіча й Валерыя Шчукіна Тацяна Станкевіч
і Тацяна Вардомская маюць намер падаць скаргу ў вышэйшыя ўстановы каб скасаваць
прысуд.
Любоў Лунёва, Менск
Самае папулярнае
1