Чарговы афіцыйны візыт у Беларусь міжнароднае парлямэнцкае “тройкі”,
што сёньня пачаўся, мае некалькі спэцыфічных рысаў, якія раней не былі
ўласьцівыя падобным крокам…
Першы дзень візыту ў Беларусь парлямэнцкае “тройкі” быў непрацяглым.
Ён традыцыйна пачаўся гутаркаю гасьцей з супрацоўнікамі КНГ АБСЭ ў Беларусі.
Затым адбылася сустрэча зь беларускімі дасьледнікамі ў галіне апытаньня
грамадзкае думкі ды аналізу сытуацыі ў краіне.
Цяперашюю парлямэнцкую “тройку” можна назваць “тройкаю” толькі з пэўнай
доляю ўмоўнасьці. Справа ў тым, што ў ёй гэтым разам прадстаўленыя толькі
дзьве міжнародныя арганізацыі – Парлямэнцкая Асамблея АБСЭ і Эўрапарлямэнт.
Як і тры з паловаю месяцы таму, у Менск прыляцелі Адрыян Севярын (старшыня
адмысловае рабочае групы ў справах Беларусі ПА АБСЭ) і Ян Вірсма (кіраўнік
падкамітэту ў пытаньні Беларусі Эўрапарлямэнту). Чамусьці няма прадстаўнікоў
трэцяй арганізацыі – Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы.
Кіраўнік КНГ АБСЭ ў Беларусі амбасадар Вік патлумачыў адсутнасьць прадстаўнікоў
Рады Эўропы тэхнічнымі прычынамі. Аднак ёсьць і іншыя думкі. Сталы сябра
ПА АБСЭ ад Беларусі Ўладзімер Нісьцюк, які толькі ўчора вярнуўся з Бухарэсту
й валодае самай сьвежай інфармацыяй, напрыклад, лічыць, што гэта невыпадкова.
(Нісьцюк: ) “Я думаю, што няма адзінства ў парлямэнтароў, у парлямэнцкіх
міжнародных структурах адносна таго, што адбываецца ў Беларусі. Яны ня
маюць выпрацаванага пункту гледжаньня, бо не было такіх моцных кансультацыяў,
і мы зразумелі гэта пад час працы зь Севярынам у Бухарэсьце. Вельмі розныя
погляды на сытуацыю ў Беларусі. І прагнозы вельмі розныя: што будзе зь
Беларусьсю, што будзе з парляманцкімі выбарамі. Як можа Беларусь і падзеі
ў ёй паўплываць на сытуацыю ў Эўропе і сьвеце”.
Другое адрозьненьне цяперашняга візыту ад папярэдніх – тое, што ўпершыню
“тройку” мае намер прыняць кіраўнік беларускага ўраду Ўладзімер Ярмошын.
Ягоны папярэднік Сяргей Лінг ніколі такія пытаньні не абмяркоўваў. Праўда,
сустрэча новага прэм’ера зь міжнароднымі чыноўнікамі адбудзецца толькі
ў апошні дзень візыту, 22 чэрвеня.
Трэцяя навацыя – сустрэча міжнародных чыноўнікаў зь сябрамі рабочае
групы ў правядзеньні гэтак званага “шырокага грамадзка-палітычнага дыялёгу”.
Тут, дарэчы, важна падкрэсьліць, што першапачаткова афіцыйныя ўлады Беларусі
настойвалі на тым, каб сябры “тройкі” ўдзельнічалі ў плянарным паседжаньні
згаданага “дыялёгу”. На гэтым грунце адбыўся нават невялікі дыпляматычны
скандал паміж памочнікам Аляксандра Лукашэнкі Сяргеям Посахавым і КНГ.
У рэшце рэшт бакі абралі кампрамісны варыянт – сустрэчу заплянавалі, але
па-за рамкамі плянарнага паседжаньня.
І, нарэшце, апошняя адметная рыса – у апошні дзень візыту заплянаваны
асобны сьняданак “тройкі” з амбасадарам Расейскае Фэдэрацыі ў Беларусі.
Магчыма, што такім чынам Расею хочуць падключыць да рашэньня беларускае
праблемы.
(Карэспандэнт: ) “Спадар Глод, як вядома, на разьвязаньне беларускага
канфлікту ўплываюць ня толькі ўнутрыбеларускія чыньнікі. Нават я б сказала
ня толькі і ня столькі беларускія чыньнікі. Пра якія замежныя фактары можна
казаць сёньня, якія б паўплывалі на вырашэньне беларускай сытуацыі ў той
ці іншы бок?"
(Глод: ) “Я зьвярнуў увагу на тое, што ўпершыню сябры “тройкі” будуць
сустракацца асабіста з амбасадарам Расейскай Фэдэрацыі. Гэта зразумела,
што йдзе падключэньне Расеі да вырашэньня беларускага пытаньня. Але вось
тут ёсьць загадка – у якім кірунку будзе дзейнічаць расейская дыпляматыя.
Альбо адбылася сустрэчы Клінтана і Пуціна, пад час якой нейкім чынам уздымалася
беларускае пытаньне, і гэта рэацыя. Альбо гэта рэакцыя на сустрэчу Адрыяна
Севярына зь Генадзем Селязьнёвым – сьпікерам Дзярждумы Расеі, пад час якой,
а Севярын запэўніваў, што ён паўплывае на беларускую апазыцыю такім чынам,
каб апазыцыя пайшла на выбары”.
(Карэспандэнт: ) “Вось гэтая пазыцыя Адрыяна Севярына, наколькі мы ведаем,
была рэзка раскрытыкаваная беларускімі апазыцыйнымі сіламі дэмакратычнымі.
Сам Севярын аспрэчваў, што ён у гутарках з расейскімі лідарамі выказваўся
ў духу, каб прымусіць каго ўдзельнічаць ці ня ўдзельнічаць у выбарах. Аднак
Севярын падкрэсьліў сваю пазыцыю: разьвязаньне беларускай праблемы праз
удзел у выбарах. Севярын спаслаўся на ўласны досьвед, што байкот выбараў
і няўдзел у іх – неканструктыўная пазыцыя. Як назіральнікі камэнтаруюць
перакананьне Севярына?”
(Глод: ) “На маю думку, такія паводзіны Севярына тлумачацца адной рэччу
– ён сам чакае ўдзелу ў выбарах. Рэч у тым, што ад 6-га да 10-га ліпеня
ў Бухарэсьце будзе праходзіць чарговая сэсія Парляманцкай асамблеі АБСЭ.
Як вядома, паўнамоцтвы спадарыні Хэйлі Дан, якая цяпер ачольвае Парляманцкую
асамблею, хутка скончацца, і ідзе пытаньне пра абраньне новага старшыні.
Паводле нашай інфармацыі, ёсьць 2 прэтэндэнты: Адрыян Севярын і сэр Томас
Эмэры зь Вялікай Брытаніі. Паміж гэтымі асобамі будзе адбывацца барацьба
за галасы дэпутатаў Парляманцкай асамблеі. Нагадаю, што ўсяго там 317 дэпутатаў.
Адсюль гэтая закулісная барацьба. Невыпадкова Севярын сустракаўся ў Маскве
зь Генадзем Селязьнёвым. У Севярына ёсьць козыр – ён румын. А Парляманцкую
асамблею яшчэ ні разу не ачольваў прадстаўнік Усходняй Эўропы”.
Гутарыла Алена Радкевіч
Самае папулярнае
1