Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Адзін зь лідэраў сэрбскай апазыцыі Вук Драшкавіч быў паранены ўчора позна ўвечары ў выніку ўзброенага замаху. Гэта адбылося на Адрыятычным ўзьбярэжжы ў Чарнагорыі, куды палітык выехаў на два дні на вакацыі. Цяпер вакол дома, дзе спыніўся Драшкавіч, дзяжураць моцна ўзброеныя чарнагорскія паліцыянты…

Як паведамляюць міжнародныя агенцтвы, Вук Драшкавіч быў у доме адзін і глядзеў тэлевізар, калі ў яго пачалі страляць з аўтаматычнай зброі праз вакно, якое выходзіць ў сад. Усяго было выпушчана восем куляў. Дзьве зь іх трапілі Драшкавічу ў голаў і ў вуха.

“Аднак, абедзьве раны аказаліся лёгкімі, ” – паведаміў адвакат Драшкавіча Огнен Прыбішавіч. Паводле ягоных словаў, Драшкавіч адразу быў дастаўлены ў шпіталь, які пакінуў усяго праз тры гадзіны. Са шпіталю ён патэлефанаваў сваёй жонцы, і ёй давялося сьпешна выехаць з Белграду ў чарнагорскі горад Будва, дзе адпачываў яе муж.

Газэта New York Times нагадвае ў сёньняшняй публікацыі на гэтую тэму, што лідэр самай буйной апазыцыйнай партыі – Сэрбскага Руху Адраджэньня Вук Драшкавіч выступае адным з галоўных апанэнтаў прэзыдэнта Югаславіі Слабадана Мілошавіча.

Нядаўна Драшкавіч ачоліў кампанію за датэрміновыя выбары з мэтай адхіленньня Мілошавіча ад улады.

Нягледзячы на сваю папулярнасьць, Драшкавічу, аднак, не ўдалося зарганізаваць масавай падтрымкі на вуліцах сэрбскіх гарадоў цягам апошніх месяцаў альбо заручыцца цьвёрдай падтрымкай іншых лідэраў апазыцыі.

У мінулым месяцы урад зачыніў прыватную тэлестанцыю Студыя-Б, зьвязаную з Рухам адраджэньня. У мэтах бясьпекі Драшкавіч тады зьехаў у Чарнагорыю, якая ўваходзіць у склад Югаслаўскае фэдэрацыі, дзе папрасіў абароны ў чарнагорскага прэзыдэнта Міла Джуканавіча.

Драшкавіч вярнуўся ў Белград, калі ягоныя прыхільнікі зарганізавалі мітынгі пратэсту супраць закрыцьця Студыі Б, а потым паехаў па дапамогу ў Маскву, якая працягвае падтрымліваць шчыльныя сувязі з Мілошавічам – піша New York Times.

31 траўня, у дзень вяртаньня Драшкавіча з Масквы, ягоная ахова был арыштаваная ў Белградзкім аэрапорце. У той самы дзень у сталіцы Чарнагорыі Падгорыцы быў забіты дарадца службы бясьпекі прэзыдэнта Джуканавіча Горан Зугіч.

Драшкавіч увесь час абвінавачвае ўлады ў спробах забіць яго.
Летась у аўтамбільнай аварыі загінулі стрыечны брат Драшкавіча і ягоны целаахоўнік. Драшкавіч сьцвярджае, што грузавік, што наехаў на іхны аўтамабіль, насамрэч павінен быў забіць яго разам з жонкай, якія ехалі сьледам.

Сэрбская апазыцыя таксама абвінавачвае ўлады ў сэрыі забойстваў у Белградзе, улучна зь нядаўнім забойствам міністра абароны Паўле Булатавіча.

Падрыхтаваў Віталь Тарас

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG