Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


У Берасьцейскай вобласьці завершанае папярэдняе сьледзтва ў справе забойства праваслаўнага сьвятара айца Міхаіла Сычука. Справа ўжо перададзеная ў суд…

Правахоўныя ворганы вельмі неахвотна распавядаюць пра падрабязнасьці гэтага забойства. Больш за тое, ужо абвешчана, што судовы працэс можа быць закрытым.

Труп настаяцеля праваслаўнай Сьвята-Мікалаеўскай царквы айца Міхаіла Сычука з мноствам колата-рэзаных ранаў быў знойдзены 13 кастрычніка 1998 г. у лясным масіве каля Берасьця. Гэта першы і пакуль адзіны выпадак забойства сьвятара пасьля аднаўленьня Беларусьсю сваёй незалежнасьці. І таму няма нічога дзіўнага ў тым, што гэтае здарэньне выклікала вялікі рэзананс ў грамадзтве.

Амаль адразу пасьля забойства праваслаўнага сьвятара па горадзе пайшлі чуткі, што гэтае злачынства было зьдзейсьненае з карысьлівымі мэтамі. Рэч ў тым, што акрамя пасады настаяцеля ў храме, айцец Міхаіл быў абраны сакратаром Берасьцейскай эпархіяльнай управы, праз якую Беларуская праваслаўная царква ажыцьцяўляла некаторыя са сваіх камэрцыйных праектаў.

Так, адна з вэрсіяў грунтавалася на тым, што быццам бы нябожчык меў дачыненьне да імпарту сьпірытусовых напояў, карыстаючыся адпаведна ліцэньзіяй, выдадзенай Экзархату Беларускай праваслаўнай царквы. Атрыманыя ад гэтага бізнэсу грошы, паводле некаторых зьвестках накіроўваліся на будоўлю, разьвіцьцё і рэканструкцыю культавых будынкаў.

У абласной пракуратуры не знайшлі доказаў гэтай вэрсіі, але адзначылі, што вышэйшае кіраўніцтва Беларускага Экзархату вельмі неахвотна йшло на кантакты са сьледзтвам, нават існаваў вусны загад сьвятарам, каб тыя абыходзілі маўчаньнем тэму забойства айца Міхаіла.

Супрацоўнікі праваахоўных ворганаў сьцьвярджаюць, што менавіта з гэтае прычыны сьледзтва ў гэтай справе год таму было прыпыненае, і аднавілася толькі пасьля затрыманьня Гомлі іншага праваслаўнага сьвятара. Менавіта гэты сьвятар, які ў свой час быў падначаленым айца Міхаіла, па меркаваньні сьледзтва і зьяўляецца забойцам настаяцеля Сьвята-Мікалаеўскай царквы.

Атрымаць нейкую дадатковую інфармацыю прадстаўнікам мас-мэдыя зараз фактычна немагчыма. Кіраўнік сьледчага аддзелу важнейшых справаў абласной пракаратуры Віктар Валадзко забараніў сваім супрацоўнікам перадаваць журналістам вытрымкі з матэрыялаў сьледзтва, пакуль справа не разгледжаная ў судзе.

Але з неафіцыйных крыніцаў стала вядома, што мітрапаліт Менскі й Слуцкі Патрыяршы Экзарх Беларусі Філярэт ужо накіраваў ў Берасьцейскі абласны суд ліст, у якім хадайнічае, каб працэс у справе забойства айца Міхаіла праходзіў за зачыненымі дзьвярыма. Падтрымоўваюць згаданую прапанову і ў пракуратуры, прадстаўнікі якой лічаць, што гэта будзе правільны і найбольш прымальны варыянт.

Але пытаньне журналістаў, якія таямніцы ёсьць у сьледзтва і чаму іх трэба хаваць ад грамадзкасьці - зноў засталося без адказу. Паводле папярэдняй інфармацыі, судовы працэс у справе забойства айца Міхаіла можа распачацца ў Берасьцейскім абласным судзе ўжо прыканцы чэрвеня.

Алег Супрунюк, Берасьце

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG