Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


(эфір 17 чэрвеня)
Эканамічны агляд тыдня прафэсара Ўладзімера Кулажанкі.

Крызыс аграрна-прамысловага комплесу Беларусі доўжыцца на працягу ўсіх шасьці гадоў кіраваньня Аляксандра Лукашэнкі. Улады безвынікова спрабуюць вырашыць гэтую праблему, бо непарушным застаецца падмурак – калгасны лад.

На адыходзячым тыдні ў цэнтры ўвагі ўладаў былі падрыхтоўка да жніва, нарыхтоўка кармоў, а таксама агромністая запазычанасьць у заробках. Аляксандар Лукашэнка правёў адмысловую нараду, прысьвечаную гэтай тэме.

А сытуацыя, сапраўды, трывожная. Збожжаўборачных камбайнаў нагэтулькі мала, што на кожны зь іх прыпадае па 185 гэктараў збожжавых. Але й гэтыя камбайны напалову няспраўныя. На сярэдзіну чэрвеня, калі да пачатку жніва засталося ня болей за тры тыдні, адрамантавана толькі 55 адсоткаў тэхнікі, а ў Віцебскай і Магілеўскай абласьцях, паводле паведамленьняў Міністэрства сельскае гаспадаркі, меней за палову.

Падрыхтоўка да жніва праводзіцца без асаблівага энтузыязму яшчэ й таму, што з-за незайздроснага стану пасеваў на вялікі ўраджай спадзявацца не выпадае. Паводле ацэнкі спэцыялістаў, сёлета збор збожжа будзе меншы за леташні прынамсі на 30 адсоткаў. Невыпадкова, наведваючы ў мінулы чацьвер Мінскі маторны завод, на пытаньне рабочых, чаму хлеб стаў такі дарагі, Аляксандар Лукашэнка адказаў, што Беларусь збожжа не вырошчвае, яна яго купляе. Таму й каштуе бохан хлеба 300 рублёў. Ды датацыю дзяржава дае 200 рублёў на бохан. Значыць, хлеб будзе даражэць.

Праўда, невядома, зь якога гэта часу Беларусь, калі меркаваць паводле словаў Лукашэнкі, не вырошчвае збожжа? Кіраўнік дзяржавы мусіў быў бы растлумачыць, чаму зьніжаецца ўраджайнасьць у нас, а ня ў нашых суседзяў.

Улады прадбачаць, што хлеб давядзецца купляць і сёлета. Таму ўжо сёньня робяцца захады, каб набыць збожжа. З гэтаю мэтаю набытыя ў Польшчы камбайны маркі “Бізон” грузяцца зараз на чыгуначныя платформы і разам з камбайнэрамі накіроўваюцца ў Краснадарскі край – жаць расейскую пшаніцу. Плянуецца зарабіць на кожны камбайн 160 тонаў пшаніцы. А ўсяго – каля 6000 тонаў. Але гэта ўсё ж капля ў моры.

Паралельна з крызысам у вытворчасьці збожжа паглыбляецца крызыс і ў жывёлагадоўлі. На 10 адсоткаў скарацілася пагалоўе жывёлы, падае вытворчасьць малака й мяса. І выйсьця не відаць. Першы ўкос траў даў толькі 10 адсоткаў кармоў, на якія разьлічвалі. Ускладваецца надзея на пажніўныя пасевы. Але цалкам верагодна, што яна ня спраўдзіцца, як і летась. І жывёлагадоўлі зноў будзе пагражаць бяскорміца.

Цяжкая сытуацыя і на рынку сельгаспрадукцыі. Пры скарачэньні вытворчасьці цэны на харчы ўзраслі нагэтулькі, што жыхары краіны сталі неплацёжаздольнымі. А на замежным рынку беларускія харчовыя прадукты ня здольныя да канкурэнцыі. Становішча складанае, і выйсьце з гэтай сытуацыі Лукашэнка бачыць не ў правядзеньні аграрнае рэформы, а ў тым, каб зноў падвысіць намінальны заробак і прывесьці яго ў адпаведнасьць з цэнамі. Гэтая мэтода выкарыстоўвалася й раней, але ніколі не апраўдвала сябе.

Уладзімер Кулажанка, Менск

XS
SM
MD
LG