Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Сёньня


Кіраўнік адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі Міхал Мясьніковіч на сустрэчы за “круглым сталом” з прадстаўнікамі дзяржаўных і недзяржаўных мас-мэдыяў акрэсьліў шлях, па якім Беларусь хоча весьці далейшую інтэграцыю з Расеяй. Пры гэтым спадар Мясьніковіч заявіў, што сувэрэнітэт Беларусі павінен захавацца ў поўным аб’ёме.

Міхал Мясьніковіч на гэтай сустрэчы адверг тэзу пра тое, што Беларусь хутка ператворыцца ў восьмую акругу Расеі. Ён сказаў: “Незалежнасьць Беларусі – гэта непарушнае, а сувэрэнітэт павінен захавацца ў поўным аб’ёме”. Але літаральна праз хвіліну высьветлілася, што ў спадара Мясьніковіча йснуе ўласнае ўяўленьне пра незалежнасьць і сувэрэнітэт. Ён лічыць, што цяпер, калі ва ўсім сьвеце пануюць транснацыянальныя кампаніі, нельга разглядаць сувэрэнітэт па-старому, як засьцянковы, які грунтуецца на натуральнай гаспадарцы.

Далей ён распавёў пра пляны далейшай інтэграцыі з Расеяй. Цікава, што гэтым разам Міхал Мясьніковіч не ўжываў вядомыя штампы пра “славянскія карані”, “непарушную дружбу” і гэтак далей. Ён сказаў, што саюз з Расеяй патрэбны дзеля таго, каб беларускія прадпрыемствы мелі аднолькавыя з расейскімі ўмовы гаспадараньня – і гэта першы этап інтэграцыі.

Другім этапам стануць выбары ў “Палату прадстаўнікоў” саюзнага парлямэнту. Мясьніковіч сказаў, што беларускае кіраўніцтва ня ставіць пытаньне пра тое, каб гэтае галасаваньне праходзіла адначасова з выбарамі ў “Палату прадстаўнікоў” “Нацыянальнага сходу” Беларусі. Галоўнае, каб выбары адбыліся ў адзін і той жа дзень у дзьвюх краінах. І гэта можа адбыцца ў першай палове наступнага году.

Трэці этап – гэта распрацоўка дакумэнта, якому высокі чыноўнік даў назоў “Канстытуцыйны акт”. Над ім будуць працаваць экспэрты абедзьвюх краінаў. Прыняцьцё такога акту дасьць магчымасьць прыняць зьмяненьні ў Канстытуцыі як Беларусі, гэтак і Расеі. Але, магчыма, такія зьмены ня будуць патрэбныя, – дадаў Мясьніковіч.

Паміж другім і трэцім этапамі, на думку Мясьніковіча, патрэбна будзе аформіць агульную або адзіную валюту, стварыць агульны або адзіны эмісійны цэнтар.

Пад час сустрэчы спадар Мясьніковіч паінфармаваў пра сёньняшнія зьмены ва ўладных структурах. У прыватнасьці, першы намесьнік Мясьніковіча Ўладзімер Русакевіч вызвалены ад сваёй пасады. Ягонае новае працоўнае месца пакуль невядомае. А першым намесьнікам кіраўніка адміністрацыі цяпер будзе Ўладзімер Замяталін. Зьміцер Булахаў сёньня заняў вакансію Івана Каратчэні ў структурах СНД, а былы прэсавы сакратар Міністэрства замежных справаў Мікалай Барысевіч прызначаны прэсавым сакратаром Аляксандра Лукашэнкі.

Не абыйшоў увагаю Міхал Мясьніковіч і стасункі паміж уладамі і палітычнай апазыцыяй. Ён сказаў, што кіраўніку КНГ АБСЭ ў Беларусі амбасадару Віку прапанавана, каб сябры “тройкі”, якая наведае Менск на будучым тыдні, прынялі ўдзел у гэтак званым “шырокім грамадзкім дыялёгу”. Акрамя таго, афіцыйныя ўлады хацелі, каб “тройка” сустрэлася зь лідэрамі ўсіх 18 партыяў, што афіцыйна зарэгістраваныя цяпер у Беларусі. Паводле словаў Мясьніковіча, адказу на гэтыя прапановы Ганс-Георг Вік пакуль ня даў.

Уладзімер Глод, Менск

XS
SM
MD
LG