Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


На віцебскім тэлезаводзе вытворчага аб’яданьня “Віцязь” створаная пагаджальная камісія дзеля падпісаньня калектыўнай дамовы паміж працаўнікамі і адміністрацыяй. Канфэрэнцыя працоўных прадпрыемства пераважнай большасьцю адхіліла прапанаваную дамову, якая была ўзгодненая і са сваім міністэрствам, і з прафкамамі заводу і цэхаў.

Кіраўніцтва ВТЗ, улічваючы нялёгкі леташні вопыт прыняцьця калектыўнай дамовы, калі спатрэбілася шмат часу і праходжаньня большасьці прадугледжаных законам працэдураў, ня стала сьпяшацца. Амаль палова працоўнага году пайшла на шматлікія кансультацыі і ўзгадненьні. Папрацавалі з усімі сябрамі прафкама і цэхкамаў. Дзеля падтрымкі адміністрацыі зь Менску прыехалі прадстаўнік рэспубліканскага прафсаюза працоўных электроннай прамысловасьці спадар Разумаў і намесьнік міністра Анатоль Русецкі. Але ўдзельнікі паседжаньня прыслухаліся не да іх, а да дэлегата канфэрэнцыі, дэпутата гарадзкога Савету Івана Судакова, які пабудаваў свой выступ на канкрэтных лічбах.

Галоўным пытаньнем стаўся заплянаваны заробак. Адміністрацыя прапаноўвала 152 адсоткі ад мінімальнага спажывецкага бюджэту. Спадар Судакоў даказаў, што ён павінен складаць ня меней за 160 адсоткаў МСБ і ўзгадняцца з ростам прадукцыйнасьці працы, каб не атрымалася, як летась, калі рост заробку быў меншы за рост прадукцыйнасьці працы ў чатыры і восем дзесятых раза. І наогул, чаму працаўнікі ВТЗ, якія працуюць некалькі апошніх гадоў лепей, чым у сярэднім уся прамысловасьць рэспублікі і яе электронная галіна, павінныя атрымліваць на 15-20 адсоткаў меней за калег?

Сьмелы выступ спадара Судакова, які, дарэчы, паўгода таму быў адзіным дэпутатам гарсавету, што прагаласаваў супраць саюзу Беларусі і Расеі, калі нават прадстаўнікі дэмакратычных арганізацыяў палічылі за лепшае ўстрымацца, рашуча павярнуў хаду канфэрэнцыі.

Цяпер працоўная спрэчка будзе вырашацца згодна існуючаму заканадаўству. Як падкрэсьлівалі многія дэлегаты, калі вырашэньня пытаньня ў пагаджальнай камісіі ня знойдуць, працоўны калектыў будзе адстойваць свае патрабаваньні ўсімі законнымі сродкамі да самых рашучых дзеяньняў. Маўляў, хопіць дапамагаць адміністрацыі, якая прымушае за свае нядбайнасьць і хібы разьлічвацца простага працаўніка. Пры гэтым самае мяккае слова ў бок афіцыйнага прафсаюзу было “прадажны”.

Алег Жукоўскі, Віцебск

XS
SM
MD
LG