Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Суд цэнтральнага раёну Магілева асудзіў на чатыры гады пазбаўленьня волі кіраўніка Магілеўскага прадстаўніцтва канадыйскай фірмы “Фартуна інтэрнэшэнл ” Ларысу Волкаву, якая абяцала жыхароў Беларусі працаўладкаваць ў Канадзе.

Яшчэ летась у сьнежні жанчыну абвінавацілі ў ажыцьцяўленні прадпрымальніцкай дзейнасьці без ліцэнзіі, атрыманьне прыбытку ў асабліва буйных памерах. Як стала вядома, гэтае прадстаўніцтва адчынілі яшчэ ў жніўні 1998 г. Ягоныя супрацоўнікі абяцалі жыхарам краіны дапамагчы з эміграцыяй альбо ўладкаваць іх на працу ў Канаду, за што і бралі немалыя грошы, і што адметна знясіленыя бедным жыцьцём ў Беларусі жыхары Магілева і іншых гарадоў, як за саломенку хапаліся за гэтую прапанову. Амаль нікога зь іх не цікавіла, ці мае сама арганізацыя, яе адпаведнае прадстаўніцтва ліцэнзію на працаўладкаваньне жыхароў Беларусі за мяжой.

За час дзейнасьці Магілеўскага прадстаўніцтва кампаніі, дакумэнты і грошы прынесьлі каля 1000 жыхароў краіны. Хтосьці хацеў часова ўладкавацца на працу, а частка кліентаў марылі пераехаць на пастаяннае месца жыхарства. Каб ажыцьцявіць сваю мару прадавалі кватэры і лецішча, бо такое задавальненьне каштавала ня танна. Паводле падліку абвінавачаньня на рахунак прадстаўніцтва паступіла больш як 130.000 амэрыканскіх даляраў.

Першапачаткова Магілеўскім прадстаўніцтвам кампаніі і ейным кіраўніком зацікавілася Камітэт Дзяржаўнай Бясьпекі па Магілеўскай вобласьці. Карэспандэнт беларускай службы радыё “Свабода” у ліпені ўжо паведамляў, як супрацоўнікі камітэту паставілі пячаткі на дзьверы офіса, канфіскавалі дакумэнты, сьпісы, анкеты грамадзянаў, якія меркавалі выехаць у Канаду. Менавіта тады, Ларыса Волкава падрыхтавала скаргу у кампанію, а дакладна ў канадзкі горад Таронта. У скарзе кіраўнік прадстаўніцтва абвінаваціла Магілеўскае ўпраўленьне Камітэта дзяржбясьпекі ў неправамерных і незаконных дзеяньнях і ягоных супрацоўнікаў, якія на яе думку прынесьлі істотныя страты дзелавой рэпутацыі прадстаўніцтва. Аднак кампанія не змагла дапамагчы ўласнаму прадстаўніцтву.

Спадарыня Волкава і яе адвакат сьцьвярджалі, што кампанія зарэгістравана Міністэрствам зьнешнеэканамічных сувязяў Беларусі. У той жа час прадстаўнікі камітэта дзяржаўнай бяспекі па Магілеўскай вобласьці і абласной пракуратуры на судзе заявілі, што для дзейнасьці працаўладкаваньня жыхароў Беларусі патрэбна атрымаць ліцэнзію Дзяржаўнай эміграцыйнай службы пры міністэрстве працы. Такой ліцэнзіі ня мелі ні кампанія, ні яе магілеўскае прадстаўніцтва. Гэты аргумэнт і стаў падставай для судовага рашэньня. Толькі надзея кліентаў вярнуць свае даляры не спраўдзіліся, бо грошы ўжо пералічылі ў Канаду.

Аляксандар Сердзюкоў, Магілёў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG