14 чэрвеня чарговы расейскі губэрнатар прыбыў зь візытам у Менск – гэтым
разам кіраўнік выканаўчае ўлады Маскоўскае вобласьці Барыс Громаў. Ён сустрэўся
з Аляксандрам Лукашэнкам і першым віцэ-прэм’ерам Кабяковым, падпісаў пагадненьне
пра супрацоўніцтва, а таксама мае намер пабываць на Гарадзеншчыне. Што
прыцягвае Менск і расейскія губэрні, і як будзе разьвівацца гэтае ўзаемадзеяньне
ў пэрспэктыве?
Актыўнае супрацоўніцтва з рэгіёнамі Расеі прапанавала менавіта афіцыйная
беларуская ўлада на падставе таго, што Расея па-ранейшаму застаецца асноўным
гандлёвым партнэрам, а супрацоўніцтва Беларусі з эўрапейскім краінамі каторы
год перажывае крызыс. У Міністэрстве замежных справаў была створана асобная
ўправа працы з рэгіёнамі Расеі, створаныя аддзелы беларускай амбасады ў
асобных расейскіх гарадох. Амаль з кожнай расейскай аўтаноміяй ці вобласьцю
былі падпісаныя дамовы пра наўпроставае супрацоўніцтва.
Гэткая палітыка была выкліканая тым, што раней у Расеі рэальная ўлада
належала губэрням і губэрнатарам, якія былі самастойныя ў прыняцьці многіх
рашэньняў. Але цяпер, пры новым прэзыдэнце Ўладзімеры Пуціне, у Расеі будуецца
новая вэртыкаль улады, і ўсходняя палітыка беларускага ўраду, відавочна,
павінна будзе прыстасоўвацца да гэтага. Вось як мяркуе незалежны менскі
палітоляг Юры Шаўцоў:
(Шаўцоў: ) “Сёньня сытуацыя, відочна, будзе мяняцца. Невядома, на які
час, але тая канцэнтрацыя ўлады, якую спрабуе зьдзейсьніць Пуцін, яна,
напэўна, паменшыць вагу рэгіёнаў. Таму, напэўна, значэньне кантактаў паміж
Менскам і расейскімі рэгіёнамі будзе падаць. Ці будзе замяняцца на простыя
кантакты паміж Беларусьсю і тымі буйнымі акругамі, якія стварыў Пуцін”.
Падводзячы вынік шматгадовае працы афіцыйнага Менску з расейскімі рэгіёнамі,
можна прызнаць, што гэтыя кантакты так і засталіся пераважна эканамічнымі,
не пераросшы ў палітычную плашчыну. Пяць беларускіх абласьцей, напрыклад,
уваходзяць у асацыяцыю “Цэнтральная Расея”, але гэта не вылілася ў нейкія
рэальныя крокі ў справе супольнага ідэялягічнага ці іншага ціску на Маскву
расейскага “чырвонага пасу” ды беларускіх абласьцей.
На ўспрыняцьце грамадзтвам лукашэнкавае палітыкі безпасярэдніх кантактаў
з расейскімі рэгіёнамі, дзе ён часта ня толькі падпісваў эканамічныя дамовы,
але й рабіў гучныя палітычныя заявы, накладвалася ўяўленьне, што гэтым
самым Лукашэнка прабівае сабе дарогу на расейскі трон. Юры Шаўцоў лічыць
гэта палітычным мітам. Так ці йнакш, у сёньняшніх варунках гэта сапраўды
ўжо выглядае як міт, і пазбаўляе стасункі Беларусі з рэгіёнамі Расеі нейкага
значнага палітычнага падтэксту.
Такім чынам, новыя візыты расейскіх губэрнатараў – гэта ўсяго толькі
інэрцыя ранейшае палітыкі, якая, верагодна, будзе пераглядацца й мяняцца.
Магчыма, афіцыйны Менск пачне неўзабаве ўсталёўваць новыя сувязі ўжо зь
сямю пуцінскімі фэдэральнымі акругамі.
Валер Каліноўскі, Менск
Самае папулярнае
1