Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Адзін з тых, хто яшчэ яскрава памятае канцэрт Забэйды-Суміцкага ў Менску ў 1963 годзе, гэта старэйшы беларускі паэт Сяргей Грахоўскі. Сёньня адмыслова для нашай праграмы ён згадвае пра гэты канцэрт, а таксама пра сваё далейшае асабістае знаёмства са славутым земляком.

(Грахоўскі: ) “Мне ўпершыню давялося паслухаць Міхаіла Іванавіча, калі яму ўпершыню дазволілі прыехаць у Менск і выступіць з канцэртам у 1963 годзе. Канцэрт быў прызначаны ў філярмоніі, але ніякіх рэклямаў не было. Я хацеў дастаць білет – у касе кажуць, што білетаў няма. А заля напалову пуставала. Праўда, кранальны вечар быў. Дзяўчаты з Маладэчна прывезьлі і расклалі на сцэне сноп зялёнага жыта. Канцэрт праходзіў з выключным посьпехам.

Далей мне пашанцавала сустрэцца з Забэйдам у Празе. У 1967 годзе я трапіў на юбілей клясыка чэскай паэзіі Петра Безруча, і ў Саюзе пісьменьнікаў старшыня гэтага саюза (Чэхаславаччыны ў той час) Ян Козак мне сказаў: “А Вам толькі што званіў Міхаіл Іванавіч Забэйда”. Я кажу: “Адкуль ён ведае, што я тут?” “А былі ў газэтах надрукаваныя прозьвішчы ўсіх удзельнікаў гэтага юбілею. Вось яго тэлефон”.

Я пазваніў, і мы цэлы тыдзень не разлучаліся зь ім. Яго ведала ўся Прага, яму кланяліся старыя і малыя. Потым мы зь ім гадзінамі гулялі па славутым Рыгровым парку, і раптам сеў яму на пінжак якраз насупраць сэрца вялікі прыгожы матыль. Я спыніўся, стаў фатаграфаваць, і гэтая фатаграфія стала даволі папулярнай.

Людзі кланяліся Забэйду. Ён быў вялікім майстрам сьпеву, вялікім майстрам опэрнага мастацтва і, разам з тым, народнага фальклёру. Ён нідзе, у ніводным канцэрце не абмінаў беларускіх песьняў.

Вялікі пакутнік. Пры панскай Польшчы яму пагражалі Картуз-Бярозай за тое, што ён называе сябе беларусам, за тое, што ён заявіў: “Я нарадзіўся беларусам, беларусам і памру”. Яму Варшаўская, Познанская опэры прапаноўвалі самыя выгодныя ўмовы пры адной акалічнасьці – ніколі не гаварыць і не прызнавацца, што ён беларус – хай ён лічыць сябе палякам. Ён адказаў: “Кім я нарадзіўся – тым і памру”.

XS
SM
MD
LG