Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Памочнік кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі Іван Пашкевіч пад час візыту на мінулым тыдні на родную Століншчыну падараваў на будаўніцтва праваслаўных храмаў два чэкі па 100.000 рублёў і два па 980.000. Адкуль чыноўнік, што адначасова ёсьць дэпутатам так званай “Палаты прадстаўнікоў”, мае такія грошы на дабрачыннасьць, і ці ёсьць законным правядзеньне перадвыбарчай кампаніі за невядома чые грошы яшчэ да яе абвяшчэньня?

Афіцыйная Столінская раёнка “Навіны Палесься” напярэдадні паведаміла, што памочнік караўніка адміністрацыі Лукашэнкі Іван Пашкевіч на мінулым тыдні пад час візыту на Століншчыну, адкуль ён родам і дзе быў калісьці абраны ў Вярхоўны Савет, перадаў на будаўніцтва праваслаўных цэркваў у вёсках Вялікі Малішаў і Хотам па 100 тысячаў рублёў, а ў вёсцы Гарадная два чэкі па 980.000 рублёў – агулам прыкладна каля 2.000 амэрыканскіх даляраў.

Далей газэта паведамляе, што такая дапамога аказваецца Іванам Іванавічам ня ў першы раз, але адкуль памочнік кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі мае такія грошы на дабрачыннасьць, не паведамляецца. Як нам стала вядома адзін чэк на 980.000 рублёў з Банку “Залаты Талер” падпісаны жонкай Івана Пашкевіча Галінай, другі – нейкім Леанідам Сьвінгерам. Высьветліць беспасярэдне ў Галіны Пашкевіч, адкуль яна мае столькі грошай, нам ня ўдалося.

Па кватэрным тэлефоне Пашкевічаў у Менску жаночы голас, даведаўшыся, што з другога боку карэспандэнт радыё «Свабода», адказаў, што Галіны Ўсеваладаўны няма, і калі яна будзе невядома, аднак хутчэй за ўсё гэта была менавіта Галіна Пашкевіч, бо паводле нашых зьвестак іншыя жанчыны ў кватэры ня жывуць.

Сам Іван Пашкевіч паведаміў, што ён па-просту выкарыстаў рахунак жонкі, каб правесьці празь яго грошы, якія ён знайшоў на прозьбе землякоў. Ён нават прапанаваў карэспандэнту нашага радыё прадставіць свой рахунак:

(Пашкевіч: ) «Калі б гэтыя грошы былі ўкрадзеныя, дык я б яшчэ падумаў, чаму Вы такое пытаньне задаеце, а чаму Вы не задаеце пытаньне, чаму толькі 980.000 рублёў, а не мільён. Рэч у тым, што проста грошы мною знойдзеныя, як дэпутатам на вялікую прозьбу для маіх жыхароў раёну, а як яны пералічаныя - гэта ўжо другая справа і было б вельмі добра, каб я знаёшоў грошы, а ў Вас быў разьліковы рахунак, і Вы мне яго далі і я пералічыў бы грошы на гэтую царкву”.

(Карэспандэнт: ) “Скажыце, а хто такі Леанід Сьвінгер, які падпісаў другі чэк?”

(Пашкевіч: ) “Я таксама сказаў, што гэтыя людзі, якіх я папрасіў, каб толькі выкарыстаць іх разьліковы рахунак, каб пералічыць грошы, а Вы шукаеце тое, што ня трэба”.

(Карэспандэнт: ) “І яшчэ. Паводле некаторых зьвестак, Вы сваім коштам падпісалі на афіцыйную раёнку «Навіны Палесься» каля 1000 сваіх землякоў… Ці гэта праўда?”

(Пашкевіч: ) “Трэба спытаць, чаму Вы зь Пінскага радыё “Свабода”, з Пінска мне тэлефануеце? Падпісаў і яшчэ падпішу, калі гэта трэба будзе і яшчэ дапамогу акажу таксама, калі ў мяне грошы знойдуцца, калі я знайду спонсараў на гэтую справу і ня толькі на гэтую, а й на другую”.

Цікава, што гадзіну таму ў рэдакцыі газэты “Навіны Палесься”, гэтую інфармацыю абверглі: “Не, аб чым вы кажыце, гэта у нас у мінулым годзе райсабес самым такім бедным і тое напэўна па пяць асобнікаў на сельсавет было,” – заявіла супрацоўніца рэдакцыі “Навінаў Палесься” Ганна Пашкавец.

Паводле інфармацыі незалежнай газэты “Вячэрні Столін”, якая праводзіць журналісцкае даследаваньне ў справе Івана Пашкевіча, калі рэдактар Алесь Ігнацюк зьвярнуўся да чыноўніка з пытаньнем, адкуль ён узяў столькі грошай, Пашкевіч адказаў, што гэта ягоная дэпутацкая дзейнасьць і таму ні царкву ні журналістаў не павінна цікавіць, адкуль гэтыя грошы.

Іван Пашкевіч падцьвердзіў таксама, што ягоная жонка, якая падпісала адзін з чэкаў на 980.000, працуе на дзяржаўнай службе. Варта дадаць, што яшчэ на пачатку бягучага году на Століншчыне зьявіліся каляровыя каляндарыкі з партрэтам Івана Пашкевіча і надпісам “Іван Пашкевіч--наш дэпутат” і пажаданьнямі шчаслівага году. Прычым гэтыя каляндарыкі надрукаваныя невядома за якія грошы, распаўсюджваліся ня толькі у Століне, дзе Пашкевіч быў абраны дэпутатам, але і ў Давід-Гарадку, у акрузе дэпутата Вярхоўнага Савета Паўла Знаўца.

У дадатак, на Вялікдзень, Іван Пашкевіч з фальклёрнымі калектывамі езьдзіў па вёсках Давід-Гарадоцкай зоны ды ў часе канцэртаў агітаваў галасаваць за сябе. У Цэнтральнай выбарчай камісіі нам паведамілі, што нічога пра агітацыйную дзейнасьць Пашкевіча ня ведаюць.

На нашае пытаньне, ці не зьяўляецца вышэй згаданае парушэньнем закону, сакратар ЦВК Іван Ліхач сказаў, што Іван Іванавіч закон не парушае таму што:

(Ліхач: ) “Выбары новыя не аб’яўленыя, па-гэтаму рабі, што хочаш. Можаце каляндарык, ці штосьці і трэцяе, чацьвертае, таму ён удзельнічаць ці ня будзе, карацей кажучы, ён цяпер вольны грамадзянін, а не кандыдат”

Такім чынам атрымліваецца, што свабодны грамадзянін Іван Пашкевіч можа невядома чыім коштам і надалей свабодна рыхтавацца да яшчэ не абвешчаных выбараў.

Аляксей Дзікавіцкі, Пінск

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG