Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


У Вільні другі дзень працягвае працу міжнародны кангрэс “Ацэнка злачынстваў камунізму”. Сёньня ў заявах палітыкаў і ў ацэнцы гісторыкаў выразна прагучаў і беларускі кантэкст.

Вось што сказаў Зянон Пазьняк, выступаючы сёньня: “Прамаўляючы слова “камунізм”, я маю на ўвазе тую сыстэму ўлады, тую сыстэму палітыкі і тую ідэалёгію, якая існавала ў былой расейскай імпэрыі СССР з 1917 па 1991 гады. Імпэрыя ніколі не распадалася: яна зьмянялася, пераменьвала форму, у часе пераменаў траціла ненадоўга на ўскраінах свае тэрыторыі, каб потым, набраўшы рускага, бізантыйскага ці прускага вопыту, усё вярнуць і пакаціцца наперад, нічога не ствараючы, душыць, спажываць, рабаваць, разбураць і хлусьць. Хлусьня ёсьць самым істотным вызначэньнем стылю палітыкі, стылю існаваньня і дачыненьняў расейскай імпэрыі.”

Сямён Шарэцкі ў сваім выступе на Кангрэсе спыніўся на тыпалягічных параўнаньнях паміж фашызмам і камунізмам, і прыйшоў да высновы, што сёньняшні рэжым на Беларусі, які рэалізуецца камандай Лукашэнкі, ёсьць, па сутнасьці, спалучэньнем дзьвюх гэтых таталітарных структураў.

(Шарэцкі: ) “Трэба, каб гэты рэцыдыў бальшавізму ці камуністычнага рэжыму больш не распаўсюджваўся, бо ён пачаў адраджацца ўжо ў самой Расеі. Больш за тое, я сёньня падкрэсьліў, што там камуністычны рэжым ня толькі адраджаецца, але ён і спалучаецца з расейскім велікадзяржаўным шавінізмам.

Беларускі ўрад – акупацыйны. Там усе ключавыя пасады займаюць расейцы, прычым ваенныя. Палкоўнікі, генэралы і г.д. Гэта расейцы, прысланыя з Масквы. А мы ўжо ведаем, чым гэта сканчаецца. Да Мазурава ўсе першыя сакратары ЦК былі людзі, прысланыя з Масквы. Пасьля сябе яны пакінулі нам Курапаты”.

Удзельнікі Кангрэсу неаднойчы сьцьвярджалі сёньня, што калі нацысты, пацярпеўшы паразу у Другой усясьветнай вайне, атрымалі адпаведную ацэнку з боку цывілізацыі, то камунізм успрымаецца шмат дзе як ідэя, якую проста не ўдалося ўвасобіць належным чанам на практыцы. Сьцьвярджаючы, што нарэшце трэба саму ідэю гэтую асудзіць, як людажэрскую, удзельнікі Кангрэсу сьцьвярджаюць тым самым і неабходнасьць перакрыць магчымасьць паўтарэньня, укараненьня камунізму ў будучым.

Ёнас Лаўрынавічус
Вільня

XS
SM
MD
LG