Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Прапаганда эканамічнай інтэграцыі як выратаваньня для беларускіх вытворцаў на справе абарочваецца вялізнымі стратамі. Замест магчымасьці знайсьці спажыўцоў на расейскім рынку многім беларускім прадпрыемствам даводзіцца мець справу з экспансіяй расейскіх тавараў у Беларусь.

Адным з галоўных аргумэнтаў на карысьць гэтак званай беларуска-расейскай інтэграцыі называецца эканамічны прарыў беларускіх вытворцаў у Расею. Паводле словаў беларускага кіраўніцтва, у айчынных прадпрыемстваў зьяўляецца шанец скарыць абшары гіпатэтычнага саюзу.

Але на справе збыць неліквідны тавар на ўсход аказалася ня так проста. Сёньняшняя прысутнасьць беларускіх тавараў у Расеі наўпрост зьвязаная з дэмпінгавымі коштамі пры адносна невысокай якасьці. Таму казаць пра нейкую канкурэнцыю з уласна расейскімі вытворцамі не выпадае.

А тым часам праз адчыненыя межы, насуперак спадзяваньням беларускіх інтэгратараў, расейскі тавар акупуе беларускі спажывецкі рынак. Дастаткова наведаць менскія крамы, каб пераканацца ў тым, што экспансія прынамсі расейскіх харчоў – рэальны факт.

Асартымэнт расейскіх харчовых тавараў імкліва пашыраецца. Вараныя ды вэнджаныя каўбасы, масла, сыры, ёгурты, малако, цукеркі, віно, піва й г.д. Якасьць ды цалкам эўрапейскі таварны выгляд выгадна адрозьнівае расейскую прадукцыю на паліцах крамаў.

Пакуль што большасьць расейскае прадукцыі даражэйшая за беларускія аналягі. Але эканамічная палітыка будуецца такім чынам, што паступова кошты ня толькі выраўноўваюцца, але й зьмяняюцца не на карысьць беларускіх вытворцаў.

Найбольш рэальная небясьпека страціць нават уласны рынак паўстала перад вытворцамі піва. Ужо сёньня доля расейскага піва на беларускім рынку складае 15%. Дырэктар менскага заводу “Аліварыя” Мікалай Дудко ўпэўнены, што ў наступным годзе гэтая лічба вырасьце ледзь не ўдвая. Калі яшчэ летась бутэлька “Балтыкі” каштавала ў 8-10 разоў даражэй за “Аліварыю” ці “Крыніцу”, дык зараз коштавая розьніца амаль неадчувальная. Да таго ж, якасьць “Балтыкі” прыраўноўваецца да лепшых эўрапейскіх аналягаў. Гаворыць дырэктар заводу “Аліварыя” Мікалай Дудко.

“Піва ператварылася ў імпартазамяшчальны тавар. Экспарт з Расеі ідзе імклівымі тэмпамі, таму пэрспэктывы не на нашую карысьць, беларускія заводы зьмяншаюць аб’ёмы. А ў Расеі яны, наадварот, растуць, якасьць прадукцыі ўвесь час паляпшаецца, абсталяваньне набываецца ў такіх памерах, што нам і ня сьнілася. Таму ня дзіва, што пры жаданьні адная “Балтыка” можа зварыць піва ўдвая больш, чым усе беларускія заводы разам. Пры гэтым “Балтыка” кошт зьніжае, а мы вымушаныя падымаць…”

Гэта быў дырэктар бровару “Аліварыя” Мікалай Дудко.

Падобная сытуацыя ўласьцівая ня толькі піўным прадпрыемствам. Манапалізаваная эканоміка прывяла да таго, што ўнутраныя праблемы прадпрыемстваў вырашаюцца выключна падвышэньнем коштаў на канчатковую прадукцыю. Урэшце заробкаў бальшыні беларусаў хапае толькі на тое, каб набываць самае неабходнае – хлеб, малако, макароны. Нейкай разнастайнасьці ў харчаваньні даўно няма.

Праўда, жыхары суседніх з Расеяй раёнаў спадзяюцца на расейскіх чаўнакоў, якія нядаўна зьявіліся на мясцовых рынках. Мяса, яйкі, малочныя вырабы, прывезеныя з таго ж Смаленску, значна таньней за беларускія. Час, калі беларускіх гандляроў можна было сустрэць на харчовых кірмашох Латвіі, Польшчы й Расеі, мінулі.

Ігар Карней, Менск

XS
SM
MD
LG