Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Аляксандар Лукашэнка правёў нараду, прысьвечаную абмеркаваньню сытуацыі ў аграпрамысловым комплексе.

Пад час нарады Лукашэнка паспрабаваў вырашыць адразу некалькі пытаньняў. Першае – гэта тактычныя мэты беларускае сельскае гаспадаркі. Інакш кажучы, дзяржава хацела б упершыню за апошнія тры гады вырасьціць і сабраць нармальны ўраджай. Былі разгледжаныя пытаньні пра нарыхтоўку кармоў, падрыхтоўку тэнікі да жніва. Таксама абмяркоўвалася сытуацыя ў рэгіёнах.

Дарэчы, апошнім часам дзяржаўныя чыноўнікі сталі больш жорстка кантраляваць сытуацыю ў правінцыі. Віцэ-прэм’ер ураду Аляксандар Папкоў паабяцаў, што сёлета ў Віцебскай вобласьці ўраджайнасьць збожжа складзе 30 цэнтнэраў з гэктару. Праўда, сур’ёзных падставаў да такіх спадзяваньняў няма. Многія незалежныя экспэрты лічаць, што сёлетні ўраджай будзе на 30 адсоткаў меншы за леташні, які быў адным з самых нізкіх за апошняе дзесяцігодзьдзе.

Падобна, ва ўрадзе ня вельмі спадзяюцца на ўласны ўраджай – ужо падрыхтаванае рашэньне пра тое, што беларускія камбайнэры пад час жніва паедуць працаваць у Краснадарскі край. Адпаведнае рашэньне прыняў Менскі аблвыканкам. Разьлікі будуць весьціся збожжам з разьліку 15-20 адсоткаў ад таго, што было сабрана. На кожную адзінку адпраўленай тэхнікі ў выканкаме разлічваюць атрымаць па 110 тонаў збожжа.

Пры Лукашэнку ў Беларусі ўвогуле ні разу не ўдалося сабраць добры ўраджай. Пазалетась гэтаму перашкодзіла паводка, летась – засуха. Сёлета праблемы пачаліся ўвесну, калі былі замаразкі. Значную частку плошчаў давялося перасяваць. Дарэчы, у Летуве, дзе клімат амаль такі ж, як і ў Беларусі, у тыя ж самыя гады з ураджаем было ўсё ў парадку.

Другое пытаньне сёньняшняй нарады – дапамога сялянам у нарыхтоўцы кармоў. Праўда, людзям на дапамогу разьлічваць не выпадае – Лукашэнка параіў кожнаму селяніну нарыхтаваць адну-дзьве тоны кармоў самастойна, пажадана на няўдобіцах. А ўжо потым дзяржава дапаможа.

Лукашэнка таксама паабяцаў разабрацца з праблемаю своечасовае выплаты заробкаў у калгасах. Праўда, адкуль у гаспадарак зьявяцца на гэта грошы, застаецца таямніцаю. Паводле словаў Лукашэнкі, дзяржава больш не дазволіць падвышаць кошты на сельскагаспадарчую прадукцыю. Ён лічыць, што коштам і так больш няма куды расьці. Лукашэнка заявіў, што склады дзяржаўнага рэзэрву перапоўненыя, таму што ніхто ня хоча набываць беларускую прадукцыю па такіх высокіх цэнах.

Ганна Навумовіч, Менск

XS
SM
MD
LG