Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


“Беларускай мове ў беларускім войску пагражае недасьведчанасьць старшыні Таварыства Беларускае Мовы Алега Трусава”, – гэтак лічыць міністар абароны краіны генэрал-палкоўнік Аляксандар Чумакоў.

Гэтае меркаваньне міністар абароны генэрал-палкоўнік Чумакоў выклаў у лісьце на імя старшыні ТБМ Алега Трусава. Ліст напісаны міністрам у адказ на заяву сакратарыяту ТБМ пра дыскрымінацыю беларускае мовы ў войску.

У гэтай заяве ТБМ зьвяртаў увагу ўраду краіны й грамадзкасьці на тое, што ўся вайсковая падрыхтоўка й выхаваўчая праца ў войску незалежнае дзяржавы вядзецца на мове суседняе краіны. Што ёсьць ня проста абсурдам паводле вызначэньня, але й наўпроставай небясьпекаю нацыянальным інтарэсам беларусаў.

Таму ў сваёй заяве ТБМ патрабуе ад ураду стварыць у кожнай вайсковай частцы беларускамоўныя баталёны, перакласьці на беларускую мову ўсе вайсковыя статуты, усе ўрачыстасьці з нагоды прысягі навабранцаў на вернасьць радзіме праводзіць на мове тытульнае нацыі краіны, узнавіць курсы роднае мовы для афіцэраў, надаць вайсковай газэце “Во славу Родины” дзьвюхмоўны статус.

У адказ на першае патрабаваньне міністар абароны піша:

“Можна было б і беларускамоўны баталён стварыць для экспэрымэнту, калі ў дзяржаве грошай няма куды дзяваць”.

На ўсе беларусізацыйныя прапановы высокапастаўленыя чыноўнікі выстаўляюць адзін і той жа контараргумэнт – фінансавы. Як і ў выпадку са стварэньнем нацыянальнага ўнівэрсытэту, захаваньнем беларускіх школаў, выданьнем твораў беларускіх клясыкаў, вяртаньнем аўтэнтычнае тапанімікі. Лёгіка ў чыноўнікаў тут дзіўная: нібыта толькі беларускія справы робяцца за грошы, а вось за расейскія ў Беларусі плаціць ня трэба.

Што ж тычна астатніх патрабаваньняў ТБМ у беларусізацыі войска, дык Аляксандар Чумакоў сьцьвярджае, што ўсе яны выкананыя ўжо даўно, а “Вы, спадар Трусаў, цягнеце нас зноў у 1992 год. Я думаю, гэта неразумна”.

Гэты пасаж міністра абароны мы папрасілі пракамэнтаваць старшыню ТБМ Алега Трусава…

(Трусаў: ) “Я адзінае магу, што са спадаром міністрам пагадзіцца, што яшчэ грэкі казалі, што двойчы ў адну і тую ж раку нельга ўвайсці, і я хачу яго не ў 92 год цягнуць, а ў 2001. Каб у 2001 годзе беларускае войска было менавіта беларускім, а не няведама якім. Таму што адна з прыкмет войска, акрамя нацыянальнай формы, гэта мова і мы хочам, каб праз 10 год – а ў 2002 годзе беларускаму войску роўна 10 год – каб гэтае войска было менавіта беларускім, і там гучала беларуская мова ад радавога да міністра абароны”.

У справе хутчэйшае рэалізацыі сваіх патрабаваньняў ТБМ гатовае да супрацоўніцтва зь Міністэрствам абароны. Алег Трусаў працягвае…

(Трусаў: ) “Мы згодныя перакласьці ў бліжэйшы час за лета гэтыя статуты, каб спадар міністр надрукаваў іх. Мы знойдзем перакладчыкаў, якія на грамадзкіх пачатках зробяць гэтую работу і да верасня які-небудзь са статутаў, найбольш пашыраны, мы перакладзем і будзем далей гэтым займацца.”

Старшыня ТБМ Алег Трусаў таксама зьвяртае ўвагу прызыўнікоў на тое, што ў войску ёсьць беларускі тэкст прысягі, і заклікае навабранцаў прысягаць на вернасьць Радзіме на роднай мове.

Валянціна Аксак, Менск

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG