Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Кожны трэці рабочы Беларусі гатовы сёньня браць удзел у страйкавым руху. Такі вынік сацыялягічнага дасьледаваньня, праведзенага на буйнейшых заводах краіны.

Апытаньне правёў прафсаюз аўтасельгасмашу. Як паведаміў нашаму радыё ягоны лідэр Аляксандар Бухвостаў, былі апытаныя тры тысячы рабочых такіх менскіх заводаў, як трактарны, аўтамабільны, маторны, працаўнікі Жодзінскага аб’яднаньня “БелАЗ”, Магілеўскага аўтазаводу, “Гомсельмашу”, “Бабруйсксельмашу” й шэрагу іншых прадпрыемстваў.

Адказы рабочых, паведаміў Бухвостаў, аказаліся для прафсаюзных лідэраў нечаканамі. На заводах Беларусі зараз маюць месца працэсы, што сьведчаць аб прыкметнай зьмене настрояў у рабочым асяродзьдзі:

“99 адсоткаў незадаволеныя аплатаю працы. Можна сказаць, што ўсе рабочыя краіны сёньня маюць прэтэнзіі да таго, як ацэньваецца іхная праца. Заробкі не адпавядаюць кошту жыцьця ў Беларусі. Такой думкі прытрымліваюцца 84 адсоткі апытаных на нашых прадпрыемствах. Прычым, у нас ня самы нізкі заробак у галіне – зараз у сярэднім дзесьці 65 тысячаў рублёў”, – зазначыў Бухвостаў.

Кожнаму трэцяму рабочаму прадпрыемстваў аўтамабільнага й сельскагаспадарчага машынабудаваньня ня хапае сёньня заробленых грошай на харчовыя прадукты. Яшчэ 64 адсоткі лічаць, што гэтыя грошы яны цалкам выдаткоўваюць на харчаваньне і іх не застаецца на іншыя патрэбы. І толькі 4 адсоткі паведамілі, што на свае цяперашнія заробкі яны купляюць яшчэ й адзеньне ды гаспадарчыя тавары.

Хто ж вінаваты ў такім бядотным становішчы? Адказваючы на гэтае пытаньне, рабочыя зазначылі, што найбольшую адказнасьць нясе адміністрацыя Лукашэнкі. Так лічаць 72 адсоткі апытаных. 52 адсоткі лічаць вінаватымі самога Лукашэнку і ягоны ўрад.

Якое ж выйсьце з такога становішча прапануюць рэспандэнты? Гаворыць Аляксандар Бухвостаў:

“Ужо 30 адсоткаў лічыць, што патрэбна праводзіць страйкі. Страйкі ў настроях людзей набываюць зараз больш высокае гучаньне за мітынгі ды шэсьці. Адначасова рабочыя патрабуюць актыўнасьці ад прафсаюзаў. Вось чаму сёньня так нэрвуецца каманда Лукашэнкі. Якраз таму нас і хочуць прыдушыць, бо людзі чакаюць ад нас больш актыўных дзеяньняў”, – заявіў Аляксандар Бухвостаў.

Рэдактар газэты “Рабочы” Віктар Івашкевіч, камэнтуючы для нашага радыё новыя тэндэнцыі на беларускіх заводах, зазначыў:

(Івашкевіч: ) “Тэндэнцыя відавочная: цэны растуць, заробкі зьніжаюцца, крызыс павялічваецца. Таму радыкальныя настроі будуць расьці, а вось у якіх формах гэта праявіцца, гэта залежыць ад шмат якіх чыньнікаў. Па-першае, арганізацыйныя структуры ў першую чаргу Свабодных прафсаюзаў ці тых групаў, якія зь імі зьвязаныя… Зараз ідзе масавая кампанія ўладаў па ліквідацыя свабодных прафсаюзаў наогул на прадпыемствах, а ў Фэдэрацыі – паставіць пад кантроль шляхам выкіданьня з іх кіруючых структураў непажаданых людзей”,

– зазначыў рэдактар газэты “Рабочы” Віктар Івашкевіч.

Міхал Стэльмак, Менск

XS
SM
MD
LG