Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Беларускія эколягі пратэстуюць супраць плянаў пашырэньня сховішча радыеактыўных адкідаў ля менскага мікрараёну Сосны. Між тым, прадстаўнікі навукі й дзяржаўных установаў сьцьвярджаюць, што рэканструкцыя сховішча абумоўленая патрабаваньнямі часу і прывядзе да паляпшэньня умоваў захаваньня небясьпечных рэчываў.

Пункт захаваньня радыектыўных адкідаў у Соснах будзе рэканструктаваны й пашыраны. Згодна з праектам, што распрацаваны інстытутам “Белпрампраект”, пункт захаваецца яшчэ на 25 гадоў і будзе на працягу гэтага тэрміну далей прымаць радыеактыўныя адкіды прамысловасьці й мэдыцыны.

Беларускія эколягі б’юць з гэтае нагоды трывогу, асабліва падкрэсьліваючы той факт, што гэтае сховішча знаходзіцца ў непасрэднай блізіні ад гарадзкое рысы двухмільённага Менску, і аварыя на сховішчы (якую нельга выключаць) прывядзе да непапраўных наступстваў. Не выключаюць эколягі й верагоднасьці завозу ў Сосны адкідаў з замежных краінаў з мэтаю зарабіць на гэтым грошы.

У прыватнасьці, пра такую небясьпеку кажа старшыня Беларускай экалягічнай партыі зялёных Міхал Фрыдлянд у заяве ад імя сваёй партыі: “Беларуская экалагічная партыя зялёных “БЭЗ” патрабуе правядзеньня грамадзкай экалягічнай экспэртызы гэтага праекту”, – гаворыцца ў заяве.

Сёньня я зьвярнуўся па камэнтар да беларускіх вучоных, якія працуюць у Соснах, і да тых, хто адказвае за падрыхтаваны праект. Галоўны інжынэр праекту Аляксандар Гайда сьцьвярджае, што рэканструкцыя пункту захоўваньня радыеактыўных адкідаў будзе праведзеная на належным узроўні, наадварот, спрыяць падвышэньню бясьпекі…

(Гайда: ) “Сама праца выкананая на такім узроўні, што на паверхні захаваньня фону радыяцыйнага ня будзе”,

– запэўніў галоўны інжынэр.

Дырэктар Інстытуту радыяцыйных праблемаў Уладзімер Скурат, падначаленыя якога рабілі экалягічную экспэртызу праекту, таксама заявіў, што ўсе работы скіраваныя на падвышэньне бясьпекі сховішча. Пашырэньне сховішча, паводле Ўладзімера Скурата, азначае толькі тое, што яно будзе прымаць, як і цяпер, радыеактыўныя адкіды прамысловасьці й мэдыцыны, але няма гаворкі пра іншыя крыніцы, у тым ліку й замежныя.

(Скурат: ) “Гэта выключаецца, такога і нашае заканадаўства не дазваляе”, – сказаў дырэктар Інстытуту радыяцыйных праблемаў Уладзімер Скурат адносна верагоднасьці зьяўленьня ў нас замежных радыеактыўных адкідаў. Ён таксама за тое, каб сховішча побач з горадам ня дзейнічала, але новае сховішча яшчэ трэба пабудаваць. Вучоны разьлічвае, што праз 25 гадоў гэта будзе зроблена.

(Скурат: ) “У будучым будзе пабудаваны такі рэспубліканскі магільнік падалей ад гораду”.

Уладзімер Скурат назваў палітыкаю спробы эколягаў падымаюць праблему сховішча ў Соснах. Незалежныя экспэрты лічаць, што Беларусі не абыйсьціся без уласнага сховішча такіх адкідаў, але лепш яго мець далей ад сталіцы. Аднак, калі такое магчымасьці пакуль няма, магчыма, варта пагадзіцца і з праектам, распрацаваным у інстытуце “Белпрампраект”.

Гэтак лічыць, напрыклад, вядомы фізык і палітык Станіслаў Шушкевіч…

(Шушкевіч: ) “Гэта значна лепей, чым некуды кінуць, і каб яно было некантраляваным, бо ўжо сама кантраляванасьць робіць такое сховішча больш надзейным, чым іншыя. Так блізка ад Менску? Я ня ведаю такіх геафізычных працэсаў і такіх тэрарыстычных “працэсаў”, каб яны пагражалі такому сховішчу ў Соснах. Гэта справа для прафэсіяналаў, якія гэтым займаюцца. Калі няма куды падзець, і ёсьць нешта ў Соснах, што трэба схаваць, дык трэба схаваць там у Соснах у сховішчы”.

Гэта быў Станіслаў Шушкевіч.

А вось старшыня Сацыяльна-экалягічнага саюзу пісьменьнік Васіль Якавенка падвяргае сумневу здольнасьць нашых спэцыялістаў захаваць радыеактыўныя адкіды ў Соснах:

(Якавенка: ) “Там і так праблемы нявырашаныя. Нават з гэтым, што там пад Менскам захавана, – ня вырашаныя праблемы. Шмат праблемаў з тэхналёгіямі захоўваньня і цяпер”.

З большага Васіль Якавенка згодны, што праект рэканстукцыі сховішча патрабуе ня толькі экспэртызы спэцыялістаў, але й грамадзкага абмеркаваньня.

Алег Грузьдзіловіч, Менск

XS
SM
MD
LG