Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Сёньня


(эфір 10 чэрвеня)
Эканамічны агляд тыдня прафэсара Ўладзімера Кулажанкі.

Не зьвяртаючы ўвагі на адсутнасьць эканамічных рэформаў і заняпад з гэтае прычыны гаспадарчае дзейнасьці ў краіне, адміністрацыя Аляксандра Лукашэнкі працягвае ранейшую гэтак званую інтэграцыйную палітыку пашырэньня эканамічных сувязяў з рэгіёнамі Расеі. Хоць плённай такую палітыку назваць цяжка.

Толькі што прымалі губэрнатара Санкт-Пецярбурга Ўладзімера Якаўлева. Адбыліся ягоныя сустрэчы з кіраўнікамі краіны й горада. Паразмаўлялі пра неабходнасьць пашырэньня гандлёва-эканамічных сувязяў. Летась аб’ём таваразвароту паміж Беларусьсю й Санкт-Пецярбургам скараціўся на 10%. Гэтую лічбу назваў Уладзімер Ярмошын.

Атрымалася, што гаворка йшла пра аднаўленьне страчанага. А пра пашырэньне гандлёва-эканамічных сувязяў казаць цяжка, бо з традыцыйнага экспартэра на ўсход мяса-малочнае прадукцыі ды бульбы Беларусь упершыню ператварылася ў імпартэра. На прылаўках менскіх крамаў зьявіліся расейскія масла, каўбасы, малако ды іншыя прадукты.

Пецярбургскі губэрнатар пажадаў, каб Беларусь павялічыла пастаўкі харчовых прадуктаў у ягоны горад. Але дзе возьме гэтыя прадукты Беларусь пры небывалам спадзе вытворчасьці ў сельскай гаспадарцы?

У самой Беларусі апошнім часам ня зь лёгкага жыцьця двойчы падвышаліся транспартныя ды жыльлёвыя тарыфы, бо падаражэла паліва. Падвысіліся цэны на хлеб, бо даражэйшым стаў імпарт збожжа. Узрасла запазычанасьць у заробках да 17,5 млрд. рублёў. Становішча ўскаднілася нагэтулькі, што заробкі не атрымліваюць па некалькі месяцаў ня толькі калгасьнікі (гаспадаркі на канец чэрвеня завінаваціліся ім больш як 9 млрд. рублёў), але й прамысловыя прадпрыемствы самой сталіцы. Каля 40 буйных прадпрыемстваў Менску не змаглі сваечасова выплаціць заробкі за травень.

Кіраўнік беларускага ўраду Ўладзімер Ярмошын на мінулым тыдні наведаў Ліпецк. Адбыліся перамовы з кіраўніком адміністрацыі гэтае вобласьці Алегам Каралёвым. Дамовіліся пра павелічэньне паставак металапракату ў Беларусь, супрацоўніцтве зь Ліпецкім трактарным заводам і г.д. Уладзімер Ярмошын заявіў, што сёлета таваразварот можа быць павялічаны ўдвая.

Але што гэта дасьць Беларусі, калі аб’ём экспарту ды імпарту зь Ліпецкай вобласьці у першым квартале года склаў толькі 12 млн. даляраў? Ды й што будзем пастаўляць у Ліпецк? Трактары? Там вырабляюць свае. Харчовыя прадукты, якія ў нас у дэфіцыту? Але каб яны й былі – кіраўнік Ліпецкае вобласьці заявіў, што ягоны рэгіён мае лішак уласных харчовых прадуктаў.

Зьвяртае ўвагу, што зьнізіўся ўзровень беларускага прадстаўніцтва на эканамічных перамовах. Раней перамовы з расейскімі губэрнатарамі вёў сам Лукашэнка. Зараз, калі ў Лукашэнкі зьніклі шанцы на пераезд у маскоўскі Крэмль, у рэгіёны паехалі чыноўнікі больш нізкага рангу. Але разам з гэтым пайшло ўніз і значэньне рэгіянальнай інтэграцыі. Нарэшце трэба наводзіць парадак ва ўласным доме.

Уладзімер Кулажанка, Менск

XS
SM
MD
LG