Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Кіраўніца Цэнтру правоў чалавека, вядомая адвакатка Вера Страмкоўская заяўляе, што міліцыя ня робіць фактычна аніякіх дзеяньняў, каб знайсьці злачынцаў, якія абрабавалі офіс Цэнтру.

Вось ужо дзесяць дзён мінула, як быў абрабаваны офіс Цэнтру правоў чалавека, створанага адвакаткаю Верай Страмкоўскай. Расьсьледваньне гэтае справы фактычна стаіць на месцы. Гэтак лічыць Страмкоўская і ў якасці доказу прыводзіць той факт, што сьледчых зь Першамайскага раённага аддзелу менскае міліцыі на працягу гэтага тэрміну нават не цікавіла, якія рэчы былі скрадзеныя ў офісе. Сёньня адвакатка сама склала гэты сьпіс і літаральна прымусіла сьледчых прыкласьці яго да справы.

Вера Страмкоўская кажа:

(Страмкоўская: ) “Мы спрабавалі некалькі разоў тэлефанаваць да сьледчых РАУС Першамайскага раёна, але нічога ня зрушылася зь месца. Таму мы зьвярнуліся ў прэсу, зьвярнуліся да міжнародных наглядальнікаў. Сёньня я сама тэлефанавала да сьледчых, знайшла, у каго знаходзіцца справа, прыйшла да іх, і яны адразу ж запыталі мяне, ці не выдавалі мы інфармацыю ў прэсу”.

Такім чынам, пакуль сьледчых найбольш цікавіць ня тое, хто скраў з офіса капір, два кампутары з базаю дадзеных ды праваабарончую літаратуру, а тое, чаму яна ацэньвае іхную працу як вельмі марудную і каму пра гэта казала. Малады сьледчы Андрэй Малашчанка зь Першамайскага РАУС, паводле Страмкоўскай, намагаўся давесьці ёй, што міліцыя робіць ўсё магчымае, каб знайсьці злодзеяў, і ня варта выказваць да сьледчых прэтэнзіі.

Між тым, Страмкоўская настойвае на тым, што справу хочуць спусьціць на тармазох. Паводле дадзеных супрацоўнікаў Цэнтру, ніхто з жыхароў дома на вуліцы Кнорына, дзе месьціцца іхны офіс, ня быў міліцыянтамі апытаны, каб высьветліць сьведкаў злачынства. “Між тым, вынесьці з падвальнага памяшканьня столькі тэхнікі – гэта справа не аднае хвіліны”, – мяркуе Страмкоўская.

На ейную думку, міліцыянтаў задавальняе вэрсія, якую наўмысна імітавалі злачынцы, калі пакінулі расчыненым невялікае падвальнае вакенца з офіса на вуліцу. “Быццам бы праз гэтае вакенца й вынесьлі тэхніку”. Але калі празь яго яшчэ можна неяк прасунуць кампутары, дык аніяк не вялікі капір. Ксэракс можна было вынесьці толькі праз дзьверы, якія зачыняюцца на ключ, а ключа ў памяшканьні не было”, – сьцьвярджае Страмкоўская і зьвяртае ўвагу на тое, што гэты факт чамусьці зусім не зацікавіў сьледчых.

(Страмкоўская: ) “Мы зараз толькі задаліся пытаньнем, чаму яны не ўзялі на экспэртызу замок. Яны ж павінны былі і зьняць замок, і аддаць на экспэртызу, каб яна ўстанавіла, ці быў замок адчынены ключом, ці быў адчынены спэцыяльным прыстасаваньнем”.

Заўважу, што ў такім жа нявызначаным стане знаходзіцца й расьсьледваньне іншых злачынстваў супраць грамадзкіх арганізацыяў Беларусі. На працягу году былі абрабаваныя офісы Гэльсынскага камітэту, “Цэнтру праўнае дапамогі насельніцтву” пад кіраўніцтвам Алега Воўчака, некаторых іншых грамадзкіх арганізацыяў, але вынік паўсюль адзін – расьсьледваньне стаіць на месцы, злодзеі ня знойдзеныя.

Вера Страмкоўская з гэтае нагоды кажа:

(Страмкоўская: ) “Відавочна, што міліцыя падзяляе грамадзянаў на тых, хто знаходзіцца ў апазыцыі да дзеючага рэжыму, і грамадзянаў, якія проста грамадзяне. Нешта ж яны робяць для простых грамадзянаў, але калі гэтыя справы адчыняюцца з грамадзянамі, якія супраць дзеючага рэжыму, міліцыя паводзіць сябе неяк цікава. Яны ня робяць нічога. Я адчуваю, што гэта робіцца не ад таго, што міліцыя ня хоча, але ад таго, што нехта не дазваляе”.

Гэта была кіраўніца Цэнтру правоў чалавека Вера Страмкоўская.

Алег Грузьдзіловіч, Менск

XS
SM
MD
LG