Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Дэпутаты гэтак званае “Палаты прадстаўнікоў” прынялі адразу ў першым і другім чытаньнях закон пра амністыю. Паводле гэтага дакумэнту, зь месцаў зьняволеньня выйдуць больш за 10 тысячаў чалавек.

Закон пачне дзейнічаць пасьля таго, як будзе надрукаваны – для гэтага ён павінен быць зацьверджаны гэтак званым “Саветам Рэспублікі” й падпісаны Лукашэнкам. Выкананьне закону зойме прыблізна паўгады.

Афіцыйныя асобы кажуць, што амністыя прымеркаваная да 55-годзьдзя Перамогі, аднак у законе гэта не запісана. Як паведаміла намесьнік камісіі бясьпекі Тацяна Хадневіч, гэта проста акт міласэрнасьці. Ён часткова вымушаны – месцы зьняволеньня цяпер перапоўненыя. Паводле зьвестак Міністэрства ўнутраных справаў, там знаходзіцца каля 17 тысячаў чалавек звыш лімітаў.

Плянуецца, што сёлета зь месцаў зьняволеньня выйдуць каля 10 тысячаў чалавек, яшчэ 2 тысячы 400 пакінуць спэцкамэндатуры. Да таго ж, 25 тысячам, якія не зьяўляюцца небясьпечнымі злачынцамі й не парушалі рэжым, тэрмін зьняволеньня будзе паменшаны на адзін год.

Найперш будуць вызваленыя тыя, хто ня зьдейсьніў цяжкіх злачынстваў, а таксама ўдзельнікі вайны, тыя, хто мае ўзнагароды за працу пад час вайны, цяжарныя жанчыны, непаўнагадовыя, пацярпелыя ад Чарнобылю. Выйдуць з турмы й некаторыя цяжкія злачынцы – у тым выпадку, калі адсядзелі палову тэрміна й цяжка хварэюць, – напрыклад, на сухоты або на рак. Пад амністыю падпадуць асобы, якія зьдзейсьнілі злачынства з-за неасьцярожнасьці, атрымалі за гэта да 7 гадоў і ўжо адбылі адную траціну тэрміну.

Перапоўненасьць месцаў зьняволеньня сёньня зьяўляецца адной з найбольш балючых сацыяльных праблемаў. У турмах распаўсюджваюцца сухоты й СНІД, а таксама іншыя хваробы. Паводле меркаваньня Тацяны Хадневіч, гэтыя праблемы можна вырашыць толькі ў рамках дзяржаўнае праграмы, неабходнасьць прыняцьця якой дэпутаты гэтак званае “Палаты прадстаўнікоў” абмяркоўвалі сёньня.

Спадарыня Хадневіч таксама зазначыла, што Крымінальны кодэкс, які павінен уступіць у дзеяньне з пачатку наступнага году, прадугледжвае шмат пакараньняў, не зьвязаных з пазбаўленьнем волі для тых, хто не ўчыніў цяжкага злачынства.

Між тым, сёньня беларускія суды прымаюць вельмі шмат рашэньняў, у адпаведнасьці зь якімі тыя, хто не ўчыняў цяжкія злачынствы, пазбаўляюцца волі на тэрмін да трох гадоў. Хоць у судзьдзяў ужо цяпер ёсьць магчымасьць улічваць розныя абставіны й не адпраўляць людзей за краты там, дзе можна абыйсьціся іншым пакараньнем.

Ці магчымы выхад на волю па амністыі для тых, хто стаў ахвяраю палітычнага перасьледу? З гэтым пытаньнем я зьвярнулася да адваката Гары Паганяйлы, які ўдзельнічаў у працэсах Андрэя Клімава, Уладзімера Кудзінава, Міхала Чыгіра…

Спадар Паганяйла лічыць:

“Я лічу, што той закон аб амністыі, які рыхтуецца сёньня, не амністуе гэтых людзей, таму што іхныя справы – палітычна матываваныя. Улады не дадуць такое магчымасьці гэтым людзям. Мы ня будзем спадзявацца на амністыю і на гэты заканадаўчы акт. У нас ёсьць іншы інструмэнтар для таго, каб абскардзіць незаконныя прысуды. Мы паспрабуем даказаць, што гэтыя людзі невінаватыя і асуджаныя незаконна, а значыць, і амністыя на іх не распаўсюджваецца”.

Ганна Навумовіч, Менск

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG