Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Яго пагналі зь Менску — а ён тут жа знайшоў цёплае месца ў Маскве...»


Валянцін Жданко
Валянцін Жданко

Эфір 16 студзеня 2013 году

Тэма, якая часта гучыць у пошце «Свабоды», — лёс беларускай мовы, прычыны яе занядбанага стану ў дзяржаве і грамадзтве.

З аднаго такога ліста пачну сёньняшнюю размову. Наш слухач Аляксей Паўловіч з Горадні лічыць, што многія прычыны гэтага хаваюцца ў адметнасьці асобаў тых, хто ажыцьцяўляе дзяржаўную ўладу ў Беларусі. Спадар Аляксей піша:

«Нашы высокія чыноўнікі, якія топчуць усё беларускае, пасьля сыходу з пасадаў чамусьці вельмі хутка апынаюцца ў Маскве — на новых высокіх пасадах. Яго пагналі зь Менску — а ён тут жа знайшоў цёплае месца ў Расеі. Міжволі задаеш сабе пытаньне: а ці не былі яны загадзя пасланыя сюды, у Беларусь? А потым зрабілі сваю справу — і вярнуліся туды, адкуль былі пасланыя? Тут згадваецца шмат прозьвішчаў: Латыпаў, Малумаў, Сівакоў, Мартынаў, Ярмошын ды іншыя...

Ніяк не магу зразумець: чаму Расея на працягу стагоддзяў усімі сродкамі дамагаецца, каб беларусы зьніклі з этнічнай мапы Эўропы як нацыя? Чым мы так перашкаджаем Маскве? І робіцца гэта мэтанакіравана і паэтапна.

Афіцыйна беларуская мова мае дзяржаўны статус. Але чынавенства выкінула яе на задворкі, пагарджае ёю, зьневажае. Чыноўнікі беларускую мову ня ведаюць і ведаць ня хочуць. У Беларусі няма ніводнай ВНУ, якая б працавала на беларускай мове. У школах амаль не засталося беларускіх клясаў. Чыноўнікі пры гэтым спасылаюцца на тое, што беларусы нібыта ня хочуць вучыць сваіх дзяцей па-беларуску. Так, ня хочуць. А чаму? Бо няма пэрспэктыў. У які ўнівэрсытэт паступіць са сваёй беларускай мовай? У якой установе яна запатрабавана? А бацькі ж павінны думаць пра будучую працу сваіх дзяцей.

Знайдзіце хоць адну краіну ў сьвеце, дзе прэзыдэнт ня ведае мовы карэннага насельніцтва. Я перакананы: ня знойдзеце. Факт — для Кнігі рэкордаў Гінэса.

А наш беларускі народ тым часам усё цярпіць і чакае, калі які-небудзь добры дзядзька прынясе яму свабоду»
.

Удакладню, спадар Аляксей: Прэзыдэнт Лукашэнка беларускую мову ведае. Па-беларуску вучыўся некалі ў школе, чуў мову ў маленстве ад маці і аднавяскоўцаў. Іншая справа, што гэтай мовай беларускі лідэр амаль ніколі не карыстаецца. На тое ёсьць шмат прычынаў. І галоўная зь іх, хутчэй за ўсё, — не ягонае асабістае стаўленьне да беларускай мовы. Лукашэнка размаўляе так, як большасьць беларускага насельніцтва. Калі б гэтая большасьць гаварыла інакш ці інакш рэагавала на мову свайго прэзыдэнта — то зусім іншай была б і моўная палітыка ў Беларусі.

Аўтар наступнага ліста — Алесь Ізгойвіч са Смаргоні — выказваецца наконт дзьвюх актуальных тэмаў, якія на працягу мінулых тыдняў часта гучалі на хвалях «Свабоды». Слухач піша:

«У вас на „Свабодзе“ апошнім часам ня раз згадвалася пра канфлікт віцебскага ўрача-пэдыятра Паснова з губэрнатарам Віцебскай вобласьці Косінцам. Я ў 80-я гады вучыўся ў Віцебскім мэдінстытуце. Косінец тады выкладаў у нас хірургію. Запомніўся як вельмі добры, тактоўны выкладчык. А Ігар Пасноў яшчэ студэнтам быў палітычна актыўным. Адважна абараняў правы студэнтаў.

Не разумею, чаму ня здолелі паладзіць доктар Пасноў і доктар Косінец...

І яшчэ на адну тэму, якая часта гучыць па „Свабодзе“. Вы расказваеце, як сядзіць у турме нейкі бабруйскі хлопец, што кінуў бутэльку з „кактэйлем Молатава“ ў раённую ўправу КДБ. Не разумею, чаму такая ўвага да гэтай пэрсоны. А калі б у ЗША кінулі „кактэйль Молатава“ ў офіс ФБР? Думаю, такога хлопца там таксама не пахвалілі б. А ў вас на „Свабодзе“ ён, бачыце, — герой»
.

Мы, сапраўды, шмат распавядалі пра гэты выпадак. 17 кастрычніка 2010 году трое маладых хлопцаў — Яўген Васьковіч, Арцём Пракапенка і Павал Сырамалотаў — кінулі «кактэйль Молатава» ў дзьверы будынка Бабруйскага КДБ.

Падпалу не адбылося, крыху абсмаліліся дзьверы. Спачатку КДБ ацаніў шкоду ў 1 мільён рублёў, потым сума нанесеных стратаў зьменшылася.

18 траўня 2011 году хлопцаў асудзілі на 7 гадоў пазбаўленьня волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. У кастрычніку 2011 году беларускія праваабарончыя арганізацыі прызналі Васьковіча, Сырамалотава і Пракапенку палітычнымі вязьнямі. Справа ня ў тым, спадар Алесь, што хтосьці лічыць іх героямі. Проста пакараньне было яўна палітычным і не адпавядала шкодзе, нанесенай гэтым учынкам.

...Што да выпадку зь віцебскім доктарам Ігарам Пасновым, які доўга і пасьлядоўна змагаўся зь мясцовай уладай, дамагаючыся, каб бюджэтныя грошы ўкладвалі ў рамонт занядбаных мэдычных аб’ектаў, а не ў аздабленьне фасадаў і цэнтральных вуліц. Напрыканцы мінулага году яго звольнілі з працы. Фармальная падстава — заканчэньне кантракту.

У першыя тыдні новага году ў нашай пошце багата допісаў, аўтары якіх працягваюць падсумоўваць вынікі году мінулага, дасылаюць свае навагоднія і калядныя віншаваньні, выказваюцца наконт плянаў і спадзяваньняў на бліжэйшы час. На гэтую тэму — наступныя некалькі лістоў. Вось што піша наш даўні слухач Мікалай Волчык зь вёскі Зіновічы Пружанскага раёну:

«Мінулы год быў часам надзей і расчараваньняў у нашай „сінявокай“. Ну, няма ў нас грамадзянскай супольнасьці. Я ўвесь час раблю націск на гэтым сваім меркаваньні. Аднойчы ў прыватнай гутарцы пачуў: „А мы гэтай супольнасьці патрэбныя?“ Так яно ў нас і ідзе: сілавы ціск, запалохваньне, ідэалягічная апрацоўка нейкай замшэласьцю з эпохі застою... Ай, ну што тут камэнтаваць...

Хочацца пажадаць вытрымкі ўсім палітзьняволеным — тым нямногім у нас асобам, якія маюць адвагу адкрыта дэманстраваць сваю высакароднасьць і маральнасьць»
.

Не даводзіцца чакаць, спадар Мікалай, што сацыяльна пасіўныя і малаадукаваныя людзі раптам ператворацца ў адказных, выдатна інфармаваных і актыўных. Грамадзянская супольнасьць не ўзьнікае ў адзін момант, на гэта спатрэбіцца зьмена цэлых пакаленьняў. Тым больш — ва ўмовах аўтарытарнага рэжыму.

Ня надта радасны настрой быў падчас сьвятаў і ў нашага слухача Віктара Нікалаюка зь Ліды. Ён піша:

«Слухаю „Свабоду“ амаль кожны дзень. Азіраючыся на мінулы год, прыходжу да сумнай высновы: жыць у Беларусі стала яшчэ горш. Пераканаўся лішні раз, што мы, беларусы, заслугоўваем таго, што маем. Чаму? Бо кожны дбае толькі пра сваё карыта. Але надзеі я не губляю. Веру, што ўрэшце ўсё будзе добра. Праўда, пісаць пра гэта няма ніякага настрою...».

У нашай пошце па-ранейшаму нямала лістоў з пытаньнямі, нараканьнямі і прапановамі наконт таго, як найбольш зручна атрымліваць інфармацыю «Свабоды». Многія нашы даўнія слухачы спрабуюць асвойваць новую тэхніку. Але не заўсёды гэты досьвед удалы. Вось што піша ў сваім лісьце Анатоль Чачотка зь Менску:

«Мае зносіны са «Свабодай», як і раней — толькі праз кароткахвалевы прымач. Інтэрнэту няма. Спрабаваў, як вы раілі, наладзіць спадарожнікавую антэну. Але спэцыялісты растлумачылі: паколькі мая кватэра на першым паверсе, а каля дома шмат старых вялізных дрэў — то сыгнал са спадарожніка будзе вельмі слабы. Так што адзіны варыянт для мяне — якасны прымач.

З новага году пачаў слухаць успаміны Станіслава Шушкевіча. Цікава. Спадзяюся і на іншыя глыбокія перадачы. Як заўсёды, радуюць сустрэчы з Бартосікам, Сямашкам, Жданко. З задавальненьнем слухаю камэнтары Карбалевіча, Лукашука, усіх стваральнікаў перадач Радыё Свабода. І, вядома, чакаю новых кніг з сэрыі «Бібліятэка Свабоды. ХХІ стагодзьдзе»
.

Ведаю, спадар Анатоль, што многім людзям сталага веку цяжка пераадолець боязь кампутара. Да таго ж і каштуе ён нямала: ня кожнаму пэнсіянэру па кішэні. Але тэхналёгіі так хутка рушылі наперад, што цяпер ужо і з дапамогай мабільных тэлефонаў ня так складана знайсьці нашу інтэрнэт-старонку і нават слухаць перадачы. Напрыклад, так, як гэта зрабіў наш сябар Мікола Лавіцкі зь Менску. У сваім новым лісьце на «Свабоду» ён піша:

«Слухаю вас пераважна праз спадарожнік. А калі на лецішчы — то праз прымач на сярэдніх хвалях. Тут у Менску, на вуліцы Ілімскай, дзе я жыву, праз прымач чуваць вельмі дрэнна. Часам нешта можна пачуць пасьля 20.00 — і то калі ня ўключыць нехта асьвятленьне зь лямпачкамі-„эканомкамі“ ці галягенавымі, якія падключаныя праз адпаведныя трансфарматары.

Мінулы год быў для мяне плённым: падключыў сябе мабільна да інтэрнэту і цяпер часам заглядваю да вас ды на іншыя сайты. Зрабіў апэрацыю на воку — і цяпер рады бясконца і ўдзячны бязьмерна хірургу, які мяне ашчасьлівіў, прытым бясплатна. Гэта — Варановіч Тацьцяна Фёдараўна зь
10-й менскай бальніцы.

Мяне асабліва не прывабліваюць успаміны першага кіраўніка Беларусі, якія вы пачалі перадаваць. Вы гэта, напэўна, будзеце рабіць як рытуал. Шчыра сказаць, ці не занадта шмат увагі аддаяце чалавеку, які фактычна трапіў у палітыку выпадкова, дзякуючы БНФ? І якая мэта? Пакаяцца за памылкі, прызнаць іх?»


Спадзяюся, спадар Мікола, што ваш досьвед пяроймуць і многія іншыя нашы слухачы сталага веку, якія часта наракаюць і на свае старыя кароткахвалевыя прымачы, і на праблемы з чутнасьцю.

Што да ўспамінаў Станіслава Шушкевіча... Так, асоба першага кіраўніка незалежнай Беларусі выклікае супярэчлівыя меркаваньні. Але погляд яго, чалавека, які браў самы непасрэдны ўдзел у тых лёсавызначальных для будучыні Беларусі падзеях напрыканцы 80-х і на пачатку 90-х гадоў, — цікавы многім нашым слухачам. Тым больш, што для значнай часткі нашай аўдыторыі тыя падзеі — гэта і старонкі ўласных біяграфій.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на «Свабоду». З вамі быў Валянцін Жданко. Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, паштовая скрынка 111.

Праграма «Паштовая скрынка 111» выходзіць у эфір кожную сераду.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG