Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жорны


Жорны або ручны млын -- адная з галоўнейшых вынаходак чалавека. Дзякуючы жорнам людзі атрымалі хлеб.

Некалі жорны былі амаль у кожным беларускім сялянскім двары, займаючы пачэснае мейсца ў сенцах ці ў самой хаце. За дзень на каменных жорнах можна было змалоць тры пуды жыта. У гады калектывізацыі ў незаможных вёсках, што стаялі на пясчаных полацкіх землях, гаспадароў жорнаў, выконваючы разнарадку, часта запісвалі ў кулакі.

Васіль Быкаў згадваў пра аднавяскоўца, які, каб уратавацца ад Сібіры, прынародна разьбіў свае жорны на панадворку. Удзень расколатыя камяні-жарнавікі ляжалі навідавоку, а па начах гаспадары-суседзі скручвалі іх дротам ды ўпотай малолі зерне.

Энцыкляпэдыя этнаграфіі Беларусі сьцьвярджае, што жорны захоўваліся ва ўжытку да 50-х гадоў ХХ стагодзьдзя, але гэта ня так. Нягледзячы на велічныя посьпехі савецкага народу ў камуністычным будаўніцтве, яшчэ напрыканцы 60-х бавячы лета ў роднай мамінай вёсцы на Шклоўшчыне, я шмат разоў ўласнаручна круціў бабуліны жорны.

У далёкіх лясных вёсках, дзе жыве дзясяткі два старых, дзе бліжэйшая крама за дзесяць кілёмэтраў, а аўталаўка з хлебам прыяжджае раз на пару тыдняў, жорны й сёньня ратуюць беларускага селяніна.

Апошні раз жывыя жорны мне выпала бачыць у забытай Богам і ўладаю расонскай вёсачцы на мяжы з братняй Расеяй. "Галасавалі, дзетка, за таго лукашонка, а цяпер во гора сваё на жорнах мелем", -- сказала старая кабета зь некалі блакітнымі вачыма.

Размова адбывалася летась. Значыцца, энцыкляпэдычны артыкул пра жорны вымагае напрыканцы стагодзьдзя істотнага ўдакладненьня.

Уладзімер Арлоў

XS
SM
MD
LG