Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьнічка


Кожнае чалавечае нараджэньне запальвае ў небе зорку, кожная сьмерць - зьнічку. Згарэў, як зьнічка - кажуць пра чалавека, што пражыў нядоўгае поўнае падзеяў жыцьцё і памёр хутка й прыгожа.

Зьнічка - зорка ў часе падзеньня - адна з самых цікавых і прыгожых касьмічных зьяваў. Паводле слоўніка Насовіча, зьнічка яшчэ - беспрытульны агонь і, нават, асоба, што зьяўляецца ненадоўга.

Гэтае апошняе значэньне патрабуе дадатковых тлумачэньняў, бо па-першае: ня кожная зьнічка-асоба зьнікае. Паўлюк Багрым - літаратурная зьнічка XIX стагодзьдзя і адначасна нязгасная зорка паэзіі. Цэлыя сузор'і зьнічак-талентаў расстраляныя і закатаваныя сталінцамі і фашыстоўцамі.

Па-другое: ня кожную асобу якая зьяўляецца часова, можна назваць зьнічкай, бо ў самім гэтым слове схаваная вылучна станоўчая характарыстыка. Таму як зьнічку ня можна разглядаць, напрыклад, Аляксандра Лукашэнку.

Мігнецца стужка агнявая -
То зьнічка згасьне залатая, - пісаў Якуб Колас.

Навукоўцы мяркуюць, што ў лінгвістычным сэнсе зьнічка - дачка Зьніча - вечнага паганскага агню. Агонь гэты мелі ўсе славяне, а зьнічку - толькі мы.

Жнівень і верасень - самыя зьнічкавыя месяцы ў Беларусі. Нягледзячы на халодныя ночы, закаханыя ў гэты час саграюць адно аднаго ня толькі абдымкамі ды пацалункамі. Яны глядзяць на зорнае неба і, пачуўшы сваю прысутнасьць у сусьвеце, саграюцца сьветлымі думкамі пра вечнасьць каханьня.

Сяржук Сокалаў-Воюш

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG