Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Змагар


Слова змагар - уласна беларускае. Яго ня маюць ані палякі, ані ўкраінцы, ані расейцы.

Усе іхныя адпаведнікі гэтаму слову ўтрымліваюць, усё ж, крыху іншы сэнс. Так, прыкладам, расейскае барэц па-нашаму будзе хутчэй - барацьбіт; польскае bojownik таксама больш барацьбіт, чым змагар.

Змагар - слова якое цягам усяго ХХ стагодзьдзя лунае ў беларускім паветры і не знаходзіць сабе прытулку. Яно актывізуецца тады, калі нацыя трапляе ў цяжкое становішча, калі яна мусіць вылучаць са сваіх шэрагаў актыўных абаронцаў, каб перакласьці на іхныя плечы свае надзеі й спадзяваньні. На сёньня мы пакуль што ня маем асобы цалкам адпаведнай гэтаму слову. Мы дапасуем яго да розных прозьвішчаў, ставім яго побач з сапраўднымі патрыётамі, але, як толькі наважваемся перанесьці гэта на паперу, змагар зьнікае. Іншая справа - множны лік: змагары. Іншая справа - словы з таго самага гнязда: змаганьне, змагацца, змагарна. "Змагарныя дарогі" назваў сваю кнігу канадыйскі беларус Кастусь Акула. "Мы - хлопцы гартаваныя, мы - волі змагары" пісаў у адным зь вершаў Міхась Машара. "Змаганьне" - называлася газэта, якая выходзіла ў Вільні ў 1923-24 гадох. Сярод аўтараў выданьня - Макар Краўцоў, Янка Пачопка, Уладзімір Самойла. А вось прыкладу на ўласна «змагар» знайсьці дужа цяжка. Гэтае слова, паўтаруся, як бы ёсьць, і разам з тым, яго, як бы - няма.

Ад вялікага да сьмешнага - адзін крок. І вось ужо савецкія слоўнікі, аўтары якіх не знайшлі адпаведных прыкладаў, падаюць без спасылак: змагар за мір, змагар за справядлівасьць.

Каго савецкія ўлады маглі ў Беларусі называць змагаром за мір і справядлівасьць - сказаць цяжка. Але пэўна, што ня Быкава, не Адамовіча, не Караткевіча...

Сяржук Сокалаў-Воюш

XS
SM
MD
LG