Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вёска


Вёска - гэта беларускi сусьвет, космас. Над вёскай - вялiзнае неба. У вёсцы ёсьць усё, што можа спатрэбiцца для жыцьця. Тут працуюць - пасьвяць кароў, сьвяткуюць - калядуюць, шмат разважаюць пра жыцьцё i гоняць беларускiя вiскi. Беларусы на Радунiцу едуць на магiлы дзядоў з гораду ў вёску.

У вёсцы жыве мова.

Слова вёска ў той цi iншай форме ёсьць ва ўсiх iндаэўрапейскiх мовах i азначае або паселiшча або дом або нават горад. Лiтоўскае Вешпатiс - Госпад, мае аднолькавае зь вёскай паходжаньне. Але ўласна вёску розныя народы называюць i разумеюць па-рознаму. Напрыклад, расейскае "деревня" - зусiм ня тое, што вёска. У расейцаў нацыянальны поступ зьвязваецца з расейскiм горадам. Пры гэтым расейцы гавораць пра "идиотизм деревенской жизни". У нас жа горад яшчэ не нарадзiўся. А той, што ёсьць, - абыякавы да беларусаў i пазначае нацыянальны рэгрэс. Сказаць пра "iдыятызм вясковага жыцьця" па-беларуску - значыць, наракаць на жыцьцё ўвогуле. "Ну ты, деревня" - гучыць па-расейску як абраза. "Эх ты, вёска" - гучыць па-беларуску як дакор, у якiм ёсьць любоў.

Вёска - вясёлка, вёска - вясна i восень, вёска - скала.

Армянiн Сараян казаў некалi, што ягонае сэрца ў гарах. Горы бароняць ад ворагаў i не даюць разьляноўвацца, прымушаюць цяжка працаваць i жыць у згодзе з прыродай. Вёскi - гэта горы нашай зямлi. Не выклiкае даверу сьведамы беларус, якi можа сказаць: не люблю вёску! Гэта значыць, што ён або ўвогуле нiчога ня любiць, або - ня сьведамы беларус.

Сэрца беларуса - у вёсцы.

Сяргей Дубавец

XS
SM
MD
LG