Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вандэя.


За камуністамі кожны адукаваны беларус ведаў пра Вандэю, бо Вялікай Французкай рэвалюцыі адводзілася шмат мейсца ў гісторыі КПСС.

Але ніхто не зьвязваў назву гэтага дэпартаманту Францыі з хоць чым у Беларусі да той пары, пакуль напрыканцы 80-х Алесь Адамовіч не назваў Вандэяй усе тыя сілы, што супрацьстаялі дэмакратычным пераменам і нацыянальнаму адраджэньню на нашай Бацькаўшчыне.

Зь лёгкай рукі Алеся Адамовіча слова Вандэя імгненна набыло надзвычайную папулярнасьць. Калі ў 1989 годзе на Дзяды ля зачыненай брамы "Маскоўскіх" могілкаў шчыльныя шыхты міліцыянтаў з усіх бакоў сьвядома сьціскалі шматтысячны натоўп, каб людзі падушылі самі сябе, то адзінае, што мы змаглі тады супрацьпаставіць карнікам -- гэта нястомны вокліч: "в а н д э я ! в а н д э я ! в а н д э я !". Менавіта гэты вокліч задзіночыў натоўп у змагарнае цэлае й дапамог яму выстаяць.

Зрэшты, лёсы словаў яшчэ больш пакручастыя і непрадказальныя за лёсы людзей. І колькі б сёньня гісторыкі не тлумачылі пра нейкую сапраўдную ролю гэтага заходняга дэпартаманту Францыі ў ейным далейшым лёсе, але Вандэі, бадай, назаўсёды наканавана заставацца метафараю контаррэвалюцыі, ва ўсе часы прыдатнай для тых, хто прагне пераменаў.

Валянцін Акудовіч

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG