Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Усходнік


Тлумачальны слоўнік беларускае мовы паведамляе, што ўсходнік – гэта студэнт альбо навуковец, які займаецца ўсходазнаўствам. Але дастаткова пацікавіцца, хто такі ўсходнік у першага сустрэчнага, каб пераканацца, што ў сьвядомасьці беларусаў гэтае слова мае зусім іншы сэнс.

Усходнік – гэта ніякі не навуковец і не жыхар нейкага экзатычнага ўсходу, а наш брат-беларус, якому выпала жыць у той частцы краіны, што пасьля Рыскай дамовы 1921 году апынулася пад саветамі.

Беларусы, што жылі недалёка ад мяжы, але ўжо з другога ейнага боку, бачылі, як усходнікі аралі калгасную зямлю трактарамі, выходзілі на палеткі прыбраныя як на сьвята і часта, павярнуўшыся ў той бок, куды сядае сонца, нібы па камандзе заводзілі песьню пад гармонік.

Знаходзілася нямала тых, хто пазіраў на гэткае бесклапотнае жыцьцё з зайздрасьцю і таксама хацеў зрабіццца ўсходнікам. Але нікога з тых, хто ўначы пераходзіў мяжу, сваякі ўжо ня бачылі, ні на трактары, ні з гармонікам, ні наогул.

Пасьля верасьня 39 году ўсе беларусы апынуліся ў адной дзяржаве, і хутка сталася зразумелым, хто замаўляў песьні пра калгаснае шчасьце.

Слова "ўсходнік" зрабілася амаль што сынонімам чалавека незаможнага, а, часам, і проста галяка. Але былі і ўсходнікі іншага кшталту: прысланыя з цэнтру чэкісты, міліцыянты, кіраўнікі рознага калібру. Стаўленьне да такіх усходнікаў нярэдка ўвасаблялася ў кулі, якая помсьціла за дэпартаваных сваякоў, за разрабаваную падаткамі гаспадарку, за зьняважаную нацыянальную годнасьць.

З часам выразны падзел грамадзтва на ўсходнікаў і заходнікаў зьнівэляваўся. Але напрыканцы ХХ стагодзьдзя ўлады вырашылі нагадаць хто ёсьць хто. Да 60-годзьдзя гэтак званага вызвольнага паходу чырвонай арміі ў Заходнюю Беларусь краіну абклеілі плякатамі, на якіх насельніцтва радасна вітала вызваліцеляў з усходу. Каб радасьць была яшчэ мацнейшаю, усходнікі, што цалаваліся на плякатах з заходнебеларускімі братамі, не скідалі каскаў ды моцна трымалі вінтоўкі.

Уладзімер Арлоў

XS
SM
MD
LG