Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тушонка


Тушонка — кансэрваванае тушанае мяса. Спрадвеку беларусы пасьля ўбоінаў парсюка рабілі запасы да новай навіны на старое чэрава. Тут і вэнджаныя кумпякі, і вантрабянкі, і кіндзюкі, і тушонка.

Тушонка была прыдатная ў дарогу, з тушонкай быў смашны лусьцень, які даваўся гаспадару на ворыва, на касьбу. Тушонка была адметнай закусьсю не сварылася яна ні зь першаком, ні з куплёнкай. У паэзіі сталай рыфмай стала «тушонка — самагонка».

На памяці пасьляваеннага жыхарства самым дарагім прысмакам была амэрыканская сьвіная тушонка ў бляшанках. І так яна, сьвіная тушонка, паядналася з Амэрыкай у сьвядомасьці шмат каго, што пісьменьнік Мікола Гамолка ў сваім фантастычным па мерках 60-х гадоў рамане так апісваў сьняданьне амэрыканскага міліянэра: міліянэр у Гамолкі еў халодную сьвіную тушонку з ускрытай бляшанкі, еў халодную, бо ня меў часу падагрэць на электраплітцы — трэба было сьпяшацца рабіць бізнэс.

У нас, у Беларусі апошнім часам тушонку закручваюць у шкляныя слоікі. Яна йдзе зь вёскі ў горад як гуманітарная дапамога сынам ды дочкам ад бацькоў. Праўда, трэба сказаць, што менее тушонкі, бо цяжка трымаць сьвіньняў, няма чым карміць. «Сьвіньні зводзяцца, а сьвінства плодзіцца».

Можна хіба рабіць тушонку з абяцанак-цацанак кіраўнікоў дзяржавы, але такой тушонкай — што закусіш? Хіба што кукіш...

Рыгор Барадулін

XS
SM
MD
LG