Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трасянка


Слова трасянка бярэ свой пачатак зь сялянскага побыту. Калі вобмаль было ласага, мурожнага ці поснага сена, яго страсалі з саломы, каб дацягнуць да травы. Хай і не на поўніцу, елі трасянку і каровы, і коні.

Другое значэньне слова трасянка ўзьнікла ў выніку спачатку палянізацыі, а потым у асноўным як вынік павальнай русыфікацыі, асабліва за савецкім дыктатам.

З маленства помню — бабуля Маланьня кпіла з падшляхтункоў, з «пшэвруценцаў», як яна іх называла, якія казалі: «Едэн конь бялы, а другі вараной».

Пры камуністычным рэжыме верхнія слаі чынавенства былі завезеныя з Расеі, а сярэдні і ніжэйшы слой русыфікаваліся саматужна. І шырылася трасянка.

Асабліва калярытная трасянка была ў чырвоных памешчыкаў. Дома іншы ў асноўным гаварыў больш-менш па-беларуску, а ўжо на нарадах — ад раёну і вышэй — стараўся «па-рюсски». І тады перлі пэрлы кшталту «вобразна гавара», «нада апрадзяліцца». Слова, схопленае на ляту з вуснаў чарговага генэральнага сакратара, даводзілася да абсурду. «Образна гавара мы праступілі да копкі бульбы». «Образна гавара мы зжалі азімыя».

Трасянка была выведзеная і на ўзровень Вярхоўнага Савету. Яна пачала называцца дземянцееўкай.

Апошнім часам з вуснаў кіраўніка рэжыму прагучала адкрыцьцё, што ў Беларусі на ўрадавым узроўні — не трасянка, а новая расейская мова, яе беларускі варыянт. Тут ужо расейцам трэба сказаць усьлед за Тургеневым: «Как не впасть в отчаяние...»

Трасянка мае таварнае кляймо «Зроблена ў СССР. Рамонту не падлягае». У нармальнай цывілізаванай дзяржаве мова асноўнай нацыі — дзяржаўная. А ў нас, пакуль дзяржава будзе нагадваць нешта стрэсенае, трасянка будзе квітнець на прасьмех адукаваных народаў. Стрэс ад камуністычнай ідэалёгіі амаль невылечны, асабліва ў нашай беларускай рэчаіснасьці.

Рыгор Барадулін

XS
SM
MD
LG