Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трактарабудаўнік


У гэтым слове можна расчуць ці ня ўсю гісторыю стагодзьдзя, якое з натужным завываньнем матораў і сінімі атрутнымі выхлапамі, перамолваючы траву й падлесак, пакідаючы па сабе чорныя рваныя раны, няўмольна й бязьлітасна паўзло празь Беларусь. З усходняй сталіцы яна ўяўлялася бездаражжу, што патрабуе акультурваньня; там з ахвотай перакладалі радкі самахарактарыстыкі пра "паноў сахі і касы".

"Тraho" па лацінску - «цягну». Савецкі трактар цягнуў за сабою калектывізацыю з раскулачваньнем і голадам, мэліярацыю са зьнішчэньнем рэчак ды лугоў, выкарчоўваў зь вёсак будучыню і на дзесяцігодзьдзі заганяў юнакоў і дзяўчат у катушкі вечна п'яных інтэрнатаў трактарабудаўнікоў.

Хто бываў у цэхах менскга трактарнага заводу, той не забудзе тамтэйшую мёртвую зямлю й паветра, і твары старых рабочых - зямліста-шэрыя, быццам працяг жалезных прыладаў. Трактарабудаўнік стаўся вяршыняй эвалюцыі пана сахі і касы.

Танную прадукцыю менскіх трактарабудаўнікоў ахвотна куплялі фармэры Азіі, Афрыкі і Амэрыкі; шмат дзе і сёньня першая асацыяцыя пры слове "Беларусь" - трактар.

Калі рабочыя заводу выбіраліся ў цэнтар, яны казалі - едзем у горад. Трактарны пасёлак з палацам культуры, стадыёнам "Трактар", бульварам трактарабудаўнікоў, парткамам на правох райкаму ўспрымаўся як гета. Тут матэрыял нацыі перамолваўся ў насельніцтва. Тут асобу прыраўноўвалі да функцыі. У такіх гета нарадзіўся моўны кентаўр - трасянка.

Я ніколі ня чуў ніводнага чалавека ў цьвярозым стане і тым больш нападпітку, які б сказаў пра сябе "я - трактарабудаўнік". У знакамітай піўной трактарнага пасёлку такі зварот да суседа мог бы скончыцца фатальна.

Трактарабудаўнік ёсьць кентаўрам нашага стагодзьдзя, а кентаўраў, як вядома, няма.

Аляксандар Лукашук

XS
SM
MD
LG