Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тхло


Тхло – алегорыя нашага жыцьця ў 20 стагодзьдзі.

Унармаванае тлумачэньне слова: тухлы, гнілы пах – тхліна. Не ўнармаванае: рыба, якая затохлася пад лёдам. Унармавана, мы – незалежная дзяржава, неўнармавана – тхло.

Зіма. Адліга. На лёдзе зьяўляецца вада. Потым: раптоўны моцны мароз, які блякуе доступ паветра ў падлёдныя плыні… Рыба зьбіраецца ў касякі. Здаецца, сваёй масай яна хоча праламіць ільдовую вязьніцу і глынуць волі.

Рыбы зьбіраецца больш, а кіслароду становіцца менш. Рыба затыхаецца, тохне, дохне.

Тохнуць і дохнуць маюць тое самае паходжаньне. Яны радня словаў: дух, дыхаць.

Часам, рыба і сапраўды ламае лёд і вырываецца на волю. Але што ёсьць воля на паветры для таго, у каго воля – вада і што ёсьць воля -- вада, калі ў ёй немагчыма жыць…

Жыцьцё беларусаў у камуністычныя часы, гэта не пэрыяды культу, адлігі ці застою, гэта – адзіны, суцэльны пэрыяд тхла, калі ў пошуках адхланьня гінулі, ці пакідалі Бацькаўшчыну лепшыя. Жыцьцё беларусаў у пасьлякамуністычны час – яшчэ большае тхло, калі глядзець на тое, куды дапялі за гэты час суседзі.

Людзі цікуюць тхло. Там дзе рыба не зламіла лёду, яны прасякаюць палонкі… Калі ў палонку трапляе чалавек, ён становіцца палонным. Калі з палонкі пачынае выплёсківацца мора рыбы – гэта таксама палон. Чалавек можа вырвацца са свайго палону. Рыба – не. Яна дохне. Такую здохлую на марозе рыбу можна есьці.

Але ёсьць рыба непадуладная тхлу. Яна проста ўмарожваецца ў лёд і чакае спрыяльных умоваў.

А вось ці існуе рыба, якая паміж тхлом, умарозкай і сьмерцьцю выбірае сьмерць – невядома…

Сяржук Сокалаў-Воюш

XS
SM
MD
LG