Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шыпшына


У дваццатых гадох гэтага стагодзьдзя зьявіўся верш Уладзімера Дубоўкі, які назвалі прароцтвам:

О, Беларусь, мая шыпшына,
Зялёны ліст, чырвоны цьвет.
У ветры дзікім не загінеш,
Чарнобылем не зарасьцеш.
Спачатку лічылі, што тут Дубоўка ўгадаў колеры будучага БССР-аўскага сьцяга; потым – чарнобыльскую навалу. Сам аўтар перапісваў верш, мяняючы шыпшыну на лясную ружу й дамешваючы да лірыкі камуністычнай ідэалёгіі. Урэшце, высьпеў мастацкі плод – шыпшына засталася паэтычным сымбалем Беларусі.

Недзе на ўзлеску – недатыкальна-спакусьлівая, калючая, павабная як незалежнасьць.

Пры дарозе – запыленая, абарваная, скораная, як прададзенае дзявоцтва.

Так і Беларусь пры дарозе эўрапейскай гісторыі – ва ўсіх на шляху, хто ня йдзе, залюбуецца, хто захоча – ушчыкне.

Шыпшына, ці шыпшыньнік – слова-алітэрацыя: у ім і шэпт, і шоргат, і гудзеньне пчолаў, і шына, і машына.

Шыпшына надта прыдатная для навучаньня: зь першых крокаў дзеці павінны ведаць, што ружы колюцца, зь першых беларускіх словаў, што Ш і Ч у нас заўсёды цьвёрдыя. І што гэта заўсёды мілагучна.

Менавіта таму шыпшына так разраслася ў паэзіі:

Адчыні, мая дзяўчына,
Адчыні, мая шыпшына,
Будзе добра ўначы нам.


Алена Ціхановіч

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG