Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шыць


Шыць як жыць. Як араць ці касіць.

«Наша Сора то шые, то пора», — так у мове замавацаўся трывалы малюнак беларускага побыту, як правіла, местачковага. Прафэсійныя кравецкія навыкі найчасьцей перадаваліся ў спадчыну ў яўрэйскіх сем’ях, але без умення шыць не пражыла у гэтым стагодзьдзі ніводная беларуская жанчына.

Шылі, вышывалі, перашывалі, падшывалі, пераніцоўвалі... Адсюль пайшло гаваркое слова падшыванец — падлетак, які хутка расьце, чые штаны ў заплатках, надточаныя. Мала хто з падшыванцаў меў у парадку свае школьныя сшыткі. Пра лёгкую апранаху кажуць: ветрам падшытая. У папулярным фільме камплімэнт неардынарнай жанчыне гучаў так: «Вы ж у нас не з канвэеру, Вы ў нас індпашыў...» Доўгі час перадавіц вытворчасці прэміравалі адрэзамі на сукенку ці блюзку. Машынка «Зінгер» у вёсцы была прадметам гонару і зайздрасьці, і не адна сям’я паехала ў Сыбір проста таму, што нехта на гэтую машынку паклаў вока, а потым пацягнуў з дому раскулачаных.

Шыцьцё — залатое рамяство, але жанчыны абшываюць сябе і свае сем’і, як правіла, не ад багатага жыцьця. Швейная машынка — нішто іншае, як прыкмета натуральнай гаспадаркі. І натуральнае жаданне многіх — вырвацца з кола гэтай неабходнасьці. У сваіх успамінах пра візыт Купалы ў Чэхаславакію колішняя праская студэнтка згадвае тайную просьбу Купаліхі: завядзі ты мяне ў краму, дзе можна купіць пару гатовых блюзак. У часы надыходу джынсаў мы таксама спрабавалі перагнаць Захад на швейных машынках — тады штаны-падробкі называлі самастрокамі.

Швейная тэрміналёгія пранікла ва ўсе тэматычныя пласты мовы: як нітка за іголкай, ваду напарсткам носіць, шыта белымі ніткамі... Або — шыць справу. Тут майстрамі была пэўная катэгорыя мужчынаў, якія ўмелі іголкі заганяць пад пазногці.

У Дзяржынску, дзе й цяпер працуе адна з найбуйнейшых у Беларусі швейных фабрык, дзяўчат і жанчын сталі жартам абзываць шпулькамі. Так і кажуць: са шпулькай ажаніўся.

Алена Ціхановіч

XS
SM
MD
LG