Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьвет


Што такое сьвет дакладна не растлумачыць ніхто.

Раней сьвет быў блізкі, далёкі і заўсёды белы. У беларускім фальклоры пайсьці ў белы сьвет – значыць пайсьці ў нікуды, не выбіраючы сьцежак, пайсьці куды глядзяць вочы.

Праз слова сьвет прасьвечвае сьвятло а таксама сьвятасьць. Гэта хіба самае прыгожае і далікатнае слова ў беларускай мове. Нездарма Стральцоў назваў сваю апошнюю кнігу “Мой сьвеце ясны”.

Але ў ХХ стагодзьдзі слова пачынае губляць свой абсяг і сваю зразумеласьць. Нашыя вочы, а значыць, і нашая мова бачаць навакольле значна больш канкрэтна й дакладна. Мы існуем у горадзе, у грамадзтве, на Зямлі, зрэшты – у сусьвеце.

Чым жа ёсьць тады ўласна сьвет і ці ня зьнікне ўвогуле гэтае слова з нашае штодзённае гаворкі, застаўшыся ў слоўніках з адзнакаю: паэтычнае, або састарэлае? Вядома ня зьнікне. Гарады руйнуюцца, народы і дзяржавы нараджаюцца й паміраюць, грамадзтвы эвалюцыянуюць а сьвет – застаецца.

Ігар Бабкоў

XS
SM
MD
LG