Суботнік, калі тлумачыць даступна -- савецкае прыгоннае права. Чалавек
працуе пяць дзён за мітычны заробак, а ў суботу працуе зусім бясплатна.
Вось як сьціпла тлумачыцца гэтае прыгоннае права ў савецкіх даведніках:
"дабрахвотнае і бясплатнае калектыўнае выкананьне якой-небудзь грамадзка
карыснай працы ў нерабочы час". А вяршыняй усяго -- камуністычны суботнік:
"бясплатная работа на карысьць грамадзтву ў нерабочы час як праяўленьне
камуністычных адносінаў да працы".
А ўсё, здаецца, пачалося зь бервяна, якое нібыта нёс сам Ленін зь лепшымі
прадстаўнікамі пралетароў. Па ўспамінах тых, хто нёс гэтае бервяно з таварышам
Леніным, было гэтулькі, што ні ў які пляц яны б ня зьмесьціліся. Аналягічная
карціна з удзельнікамі нібыта штурму Зімовага палацу.
І лягло гэтае бервяно на дзесяцігодзьдзі на плечы "гегемонаў" і "гнілой
інтэлігэнцыі". Суботнікаў было мала, яшчэ ж і нядзельнікі
былі. Яны дастасоўваліся да сьвятых дзён, асабліва да Вялікадня, Троіцы,
Калядаў...
Людзей саветызаваных ад вар'яцтва ратаваў хіба жарт. Быў і такі (а на
суботніках працавалі "за таго хлопца" -- зноў жа, мітычнага хлопца):
Малады муж кожны раз прыходзіў дадаому пад раніцу. На пытаньне жонкі
"дзе быў?" адзін адказ -- "працаваў за таго хлопца". І вось аднойчы жонка
ўзяла й прыйшла пад раніцу. Муж з рўнасьцю: "Дзе была?". А жонка: "А сёньня
той хлопец за цябе працаваў".
Думаецца, савецкія ідэёлягі ламалі галовы над тым, як бы зрабіць тыдзень
васьмідзённым. Тады б ужо камунізм пабудавалі як піць даць.
Рыгор Барадулін
Самае папулярнае
1