Сталоўка (як сьцьвярджае тлумачальны слоўнік – прадпрыемства
грамадзскага харчаваньня) зьявілася ў 20-я гады, як сымбаль новага сацыялістычнага
побыту. Тут няма буржуазнай эксплюатацыі, ніхто не паслугоўвае табе за
сталом, ты сам падаеш сабе ежу. Рабочыя ды студэнцкія “сталовыя” амаль
цалкам выціснулі з жыцьця іншае значэньне гэтага слова – “асобны пакой
з абедзеным сталом”. Мала ў каго ў 20-я гады засталіся “асобныя пакоі”,
і пераважная бальшыня савецкіх людзей харчавалася і гатавала ежу ў адным
мейсцы – на кухні.
Тлумачальны слоўнік ураўноўвае словы “сталовая” і “сталоўка”,
але кожны тут пачуе і адчуе відавочныя адрозьненьні. “Сталоўка”
гучыць больш дэмакратычна й больш па-беларуску. Суседнія славянскія мовы
ведаюць два варыянты абазначэньня гэтай зьявы. Польская “stolowka” падобна
да беларускай, а украінская “ідальня” – да чэскай “jidelna”.
“Сталоўка” бывае школьная, студэнцкая, заводская, міністэрская.
Сталоўкі на прадпрыемствах і ва ўстановах былі мейсцам, дзе рабочыя
і малодшыя навуковыя супрацоўнікі праводзілі самы чаканы час працоўнага
дня – абедзеную гадзіну. Цяпер у раней шматлікіх НДІ, калі яны і выжылі,
сталовак амаль не засталося – гэтая плошча часьцей за ўсё здадзеная
ў арэнду камэрцыйным фірмам. Амаль не засталося сталовак і на вуліцах
Менску ды іншых буйных гарадоў Беларусі. Бальшыня зь іх пераўтварылася
ў дарагія рэстараны або крамы. На прадпрыемствах сталоўкі загадана
пакінуць, але ў іх мала хто ходзіць – рабочыя ня могуць сабе гэтага дазволіць.
Адзінае месца, дзе сталоўкі ня толькі захаваліся, але і часам
нават палепшылі сваю якасьць, гэта дзяржаўныя міністэрствы. Першая сярод
іх у будынку Савета Міністраў – галоўная сталоўка краіны, дзе кормяць
лепш за многія рэстараны.
Апошнія гады ў Беларусі, як ва ўсім сьвеце, зьявілася “сталоўка
па-амэрыканску” – Макдональдс. Праўда выбар страваў там зусім не такі багаты…
Віталь Цыганкоў
Самае папулярнае
1