Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Соль


У Беларусаў ёсьць такая загадка-прыслаўка: "І да мяса трэба закраса" або "Недасол на місе -- перасол на сьпіне". Бяз солі ў любой страве і ў любой справе прэсна. Гэта Хрыстос сказаў апосталам: "Вы будзеце сольлю зямлі".

Спрадвеку соль у Беларусі была завазная. Чумакавалі чумакі беларускія, па соль едучы да Чорнага мора. А як выявілася, у Беларусі сваёй солі залягала гэтулькі, што можна паўсьвету засаліць.

Шкада, што радовішчы солі знайшлі на самых багатых землях Случчыны. Па савецку -- гэта значыць, па барбарску -- пачалі здабываць соль, сапсавалі тэрыконамі прыгожыя краявіды. Ёсьць пагроза засаліць землі да Балтыі. Ужо цяпер вынайдзены савецкі гібрыд -- салёная хвалёная слуцкая бэра. Ёсьць небясьпека, што пустапарожныя шахты могуць проста абрушыцца.

Засаліць бы ў бочках усіх савецкіх кіраўнікоў, што так пазьдзекваліся з багатай зямлі, каб нашчадкі памылак не паўтаралі.

Рыгор Барадулін

XS
SM
MD
LG